Помочь детям с особенностями психофизического развития не остаться за бортом жизни

Здоровье Образование Общество

Спрыяць навучанню, развіццю і рэабілітацыі

Разам з усімі школьнікамі пайшлі вучыцца 1 верасня і дзеткі ў раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі (ЦКРАіР). Тут таксама рыхтаваліся да новага навучальнага года: рамантавалі, фарбавалі. У гэтым цэнтры вучацца дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Зразумела, што і працуюць тут педагогі са спецыяльнай адукацыяй.
“У нас працуе дзесяць чалавек, сем на поўную стаўку і тры па сумяшчальніцтву, – расказала дырэктар раённага ЦКРАіР Алёна Шашкова, – працуем не толькі ў райцэнтры, але і па раёне. Большасць дзяцей (а ўсяго клопатам цэнтра ахоплены 42 дзіцяці) атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў навучальных установах. Напрыклад, у дзіцячым садку, калі патрэбна дапамога лагапеда, дэфектолага ці псіхолага”.
Пры самім цэнтры створаны навучальны клас, зараз тут пяць дзетак з цяжкімі парушэннямі псіхафізічнага развіцця. На заняткі і з заняткаў іх возяць бацькі. Як у кожнай школе, тут таксама ідуць урокі, праводзяцца музычныя і спартыўныя заняткі. Задача такіх цэнтраў, як вынікае з самой іх назвы, – спрыяць навучанню, развіццю і рэабілітацыі дзяцей, іх адаптацыі ў грамадстве.
Работа з такой катэгорыяй дзяцей патрабуе не толькі спецыяльных ведаў, але і псіхалагічнай адаптацыі, практыкі саміх педагогаў. У Шумілінскім ЦКРАіР працуе вопытны калектыў, некаторыя педагогі – з пачатку стварэння цэнтра. Напрыклад, Наталля Галуза і Наталля Кузняцова. Таму тут ёсць свае методыкі і напрацоўкі. Недарэмна на пачатку навучальнага года на базе нашага раёна  прайшла абласная нарада па актуальных накірунках мадэрнізацыі спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці. У Шуміліна завіталі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, дырэктары цэнтраў карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі з усіх раёнаў вобласці, дырэктары спецыяльных школ-інтэрнатаў, загадчыкі спецыяльных дашкольных устаноў. На нарадзе ішла размова пра ўдасканальванне і мадэрнізацыю спецыяльнай адукацыі, арганізацыю аздараўлення дзяцей-інвалідаў і стварэнне для гэтага неабходных умоў, разглядаліся іншыя аспекты работы.
Варта сказаць, што госці паставілі высокую ацэнку рабоце Шумілінскага ЦКРАіР, прафесіяналізму яго педагогаў, хаця адзначылі і тое, што для паўнацэннага развіцця ў цэнтры не хапае асобнага памяшкання для спартыўных заняткаў. Але ўжо ў бліжэйшы час, як запэўніла А. А. Шашкова, гэта сітуацыя будзе выпраўлена.
Самае складанае ў рабоце педагогаў спецыяльнага навучання – работа з бацькамі. Часта бацькам вельмі складана прыняць той факт, што ў іх сям’і расце асаблівае дзіця. У многім тут вінавата і наша грамадства, не гатовае на роўных прыняць дзіця-інваліда. А менавіта на тое, каб такія дзеці адчувалі сябе паўнацэннымі грамадзянамі, каб яны не адчувалі сябе бездапаможнымі ў жыцці, і накіравана сістэма спецыяльнага навучання, работа такіх устаноў, як Шумілінскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №75 ад 23.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *