Депутаты Шумилинского райсовета обсудили вопросы демографии

Актуалии Общество Президент

Дабівацца станоўчых зрухаў у дэмаграфіі

Рэалізацыя ў раёне Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека ў Рэспубліцы Беларусь” на 2016-2020 гады  была ў цэнтры ўвагі дэпутатаў раённага Савета на чарговай сесіі, якая адбылася 22 чэрвеня.
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Канстанцін Баканаў, які выступаў па асноўным пытанні сесіі, адзначыў, што ў раёне стабілізавалася дэмаграфічная сітуацыя. Дзякуючы намаганням медыкаў, апошнія гады зніжаецца смяротнасць насельніцтва, стабілізавалася нараджальнасць. На жаль, заўважыў Канстанцін Фёдаравіч, пакуль не ўдалося дабіцца прыросту насельніцтва, але натуральныя страты скараціліся з 7,68 да 2,9 праміле..
Кіраўнік раённай сістэмы аховы здароўя прааналізаваў прычыны смяротнасці ў раёне, асаблівую ўвагу звярнуў на знешнія прычыны. Гэтыя прычыны, як ніякія, залежаць ад кожнага: алкагольныя атручванні, траўмы, гібель на пажарах, на вадзе, дарожна-транспартныя здарэнні – усё гэта грэбаванне правіламі бяспекі ў паўсядзённым жыцці. Ды і іншыя хваробы ў большасці маюць у аснове злоўжыванне алкаголем, курэнне, маларухомы лад жыцця, нездаровае харчаванне.
Канстанцін Фёдаравіч адзначыў, што сучасная медыцына крочыла далёка ўперад, і зараз урачы ў раённай бальніцы маюць магчымасць ранняй дыягностыкі многіх хвароб, могуць накіроўваць пацыентаў для лячэння ў рэспубліканскія і абласныя спецыялізаваныя клінікі.
Кіраўнік ЦРБ адзначыў станоўчы прыклад РЭС, ЗУЭС, УП ЖКГ, “Вітконпрадукта” і некаторых іншых арганізацый у правядзенні штогадовых медыцынскіх аглядаў работнікаў, пакрытыкаваў лясгас, “Полацкгаз”, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна за абыякавае стаўленне да медаглядаў.
У якасці праблемных пытанняў Канстанцін Баканаў адзначыў алкагалізацыю насельніцтва (на ўліку ва ўрача нарколага стаіць 609 чалавек), рост колькасці хворых на сухоты.
Ёсць пакуль што ў райбальніцы праблема з кадравым забеспячэннем. Каб вырашыць гэтую праблему, у 2016 годзе па мэтавых накіраваннях вучыцца ў ВНУ і ССНУ паступілі 17 чалавек, у 2017 – 18. Галоўны ўрач адзначыў значны ўклад раённых і абласных улад у матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне бальніцы: працягваецца рамонт аддзяленняў стацыянара і паліклінікі, набыты сучасны камп’ютарызаваны рэнтгенапарат, які будзе ўсталяваны да пачатку 2019 года. Пакуль жа пацыенты маюць магчымасць праходзіць бясплатнае абследаванне ў адной з медустаноў Віцебска. Патрэбны бальніцы сучасны УЗІ-апарат.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава запытала аб рашэнні  праблемы з медыцынскімі кадрамі на сяле. Галоўным урачом ЦРБ была выказана ўпэўненасць, што з прыходам маладых спецыялістаў усе ФАПы будуць забяспечаны кадрамі.
У ходзе абмеркавання пытання дырэктар ТЦСАН Валянціна Штуро расказала пра выкананне мерапрыемстваў па падпраграме “Сям’я і дзяцінства”: работу з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, абарону інтарэсаў дзяцей-сірот, пра дзяржаўную сацыяльную падтрымку розных катэгорый сямей.
Дэпутат раённага Савета начальнік аддзялення правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Вячаслаў Воранаў расказаў пра работу міліцыі па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Так, з незаконнага абароту канфіскаваны 30 літраў самагону, 142 літры алкагольнай прадукцыі, аштрафавана 15 чалавек. На лячэнне ў ЛПП накіраваны 9 чалавек, яшчэ 3 рыхтуюцца да адпраўкі. Да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ўжо сёлета прыцягнуты 249 чалавек (2017 год – 127).
Дэпутат раённага Савета дырэктар Слабадской дзіцячы сад-базавай школы Алена Пузікава расказала пра работу ўстановы адукацыі па фарміраванні ў дзяцей здаровага ладу жыцця.
Пра прафілактычную работу на тэрыторыі аднаго з буйнейшых сельсаветаў у раёне паведаміла старшыня Лаўжанскага сельсавета Святлана Кійко.
Аб выкананні рашэння раённага Савета дэпутатаў ад 21 сакавіка 2017 года №131 “Аб стане злачыннасці і мерах па забеспячэнні грамадскага парадку, захаванасці дзяржаўнай маёмасці і законных інтарэсаў грамадзян” далажыў пракурор раёна Сяргей Зайцаў. Сяргей Уладзіміравіч адзначыў, што ў раёне праводзіцца пэўная работа  па прафілактыцы злачыннасці. За пяць месяцаў бягучага года знізілася колькасць злачынстваў, але па-ранейшаму застаецца на высокім узроўні, ёсць пэўныя недахопы ў рабоце па асобных напрамках дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі. Дакладчык рэкамендаваў пакінуць рашэнне раённага Савета на кантролі, дапоўніўшы яго ў адпаведнасці з сучаснай сітуацыяй.
Таксама дэпутаты ўнеслі змяненні ў некаторыя раней прынятыя рашэнні.
На сесіі было прынята рашэнне аб рэгістрацыі дэпутацкай групы рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў, якая будзе аб’ядноўваць 14 дэпутатаў. Прапанову ўнёс начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, кіраўнік раённай арганізацыі “Белая Русь” Вячаслаў Емяльянаў.
Напрыканцы сесіі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава ўзгадала дзве памятныя даты. 22 чэрвеня – дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая прынесла безліч гора і смутку на нашу зямлю. Удзельнікі сесіі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра ўсіх, хто загінуў у гады вайны.
23 чэрвеня 1944 года на тэрыторыі нашага раёна пачалася аперацыя “Баграціён”, гэта дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па прапанове Ірыны Мікалаеўны члены прэзідыума раённага Савета, члены раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Снаравым, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Мірош, які браў удзел у пасяджэнні, усклалі кветкі да брацкіх могілак у гарадскім парку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №49 ад 26.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *