Вопросы заготовки кормов и подготовки з отопительному сезону рассматривались на заседании Шумилинского райисполкома

Актуалии Президент

Май. Пара думаць пра дровы і  кармы
Два жыццёва важныя пытанні – падрыхтоўка народнай гаспадаркі раёна да новага ацяпляльнага сезона і забеспячэнне грамадскай жывёлагадоўлі кармамі – былі вынесены на парадак дня пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося 24 мая.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, пачынаючы абмеркаванне першага пытання, зрабіў акцэнт на двух асноўных момантах: зніжэнні страт цяпла ў цепласетках і павелічэнні ролі мясцовых відаў паліва ў агульным паліўным балансе. Гэта галоўныя накірункі пры падрыхтоўцы камунальнай службы да новага ацяпляльнага сезона.
Між тым, як далажыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі  райвыканкама В. С. Селязнёў, страты цеплавой энергіі за ацяпляльны перыяд 2012-2013 гадоў склалі 14361 гігакалорыю ці 19,9%. У структуры паліўнага балансу, праінфармаваў Васіль Сцяпанавіч, доля мясцовых відаў паліва склала 41,5% пры заданні 56%. Наогул, у мінулым ацяпляльным сезоне на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне было спалена 6473 тысячы метраў кубічных прыроднага газу, 14454 метры кубічных дроў, 19147 складскіх метраў кубічных шчапы, 1322 тоны торфу. Звышнарматыўны расход паліва за кастрычнік 2012 – красавік 2013 года склаў 96,6 мільёна рублёў, гэта значна менш, чым у папярэднім сезоне – 505,5 мільёна рублёў.
Безумоўна, самая вялікая нагрузка пры падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона кладзецца на камунальную гаспадарку раёна. Начальнік УП ЖКГ І. К. Штуро далажыў аб рамонтных работах на кацельнях, аб тым, што да пачатку сезона камунальнікі пакладуць на 6,3 кіламетра цеплатрасы новыя ПІ-трубы, перавядуць на пакватэрнае ацяпленне дом № 98 па вуліцы Сіпко і дом № 4 па вуліцы Маладзёжнай у райцэнтры, правядуць шэраг іншых неабходных работ. Разам з тым, Іван Казіміравіч закрануў пытанне запазычанасці за пастаўленыя паслугі. Так, толькі насельніцтва мае 280 мільёнаў пратэрмінаванай запазычанасці. УП ЖКГ вымушана на ўсіх падаць іскі ў суд, па шасці неплацельшчыках сабраны дакументы на высяленне.
Трэба адзначыць, што ў рашэнні райвыканкама па акрэсленаму пытанню пастаўлены канкрэтныя заданні перад арганізацыямі, якія ў адказе за падрыхтоўку да зімы.
У. П. Куранны настойвае на больш аператыўным правядзенні работ. У прыватнасці, заданне па нарыхтоўцы дроў кіраўнік раёна абавязаў выканаць да 15 чэрвеня, да 1 ліпеня – завяршыць работы па аднаўленні катлоў, а страты цяпла не павінны перавышаць 10%.
Не першы год ідзе размова пра неабходнасць мець рэзервовы перасоўны дызель-генератар для кацельняў раёна. Гэта стратэгічная неабходнасць. Але канкрэтна падступіцца да вырашэння праблемы не дае высокі кошт пытання.
*   *   *
Аграрны сектар, які яшчэ не перадыхнуў ад пасяўных работ, прыспешваюць работы па нарыхтоўцы кармоў. Заданні па нарыхтоўцы кармоў напружаныя. Іх агучыў на пасяджэнні райвыканкама першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Кузняцоў. Сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна нарыхтаваць 57 тысяч тон кармавых адзінак, у тым ліку 7900 тон сена, па 104 тысячы тон сенажу і сіласу. Дакладчык зазначыў, што на выкананне даведзеных заданняў будуць накіраваны 21 кормаўборачны камбайн, 44 касілкі, 28 прэс-падборшчыкаў, 54 прычэпы. Агучыў і такую лічбу: для корманарыхтоўкі 2013 года спатрэбіцца 890 тон дызельнага паліва, а гэта 6,9 мільярда рублёў, якіх у гаспадарак не стае.
Старшыня райвыканкама, каменціруючы апошнюю лічбу, задаў дакладчыку пытанне: “На якую суму кожны дзень губляем малака?”. А. А. Кузняцоў падлічыў: “На 50 мільёнаў што-дзень ці на 1,5 мільярда за месяц”.
Такія страты недаравальныя для раёна, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч, ён абавязаў выправіць сітуацыю і да 1 чэрвеня выйсці на мінулагоднія паказчыкі па вытворчасці малака.
Рашэнне райвыканкама, прынятае па пытанню нарыхтоўкі кармоў, абавязвае сельгаспрадпрыемствы да 1 чэрвеня завяршыць рамонт кормаўборачнай тэхнікі, падрыхтоўку кормасховішчаў, пад’язных шляхоў, вагавой гаспадаркі. Да 20 чэрвеня пастаўлена задача завяршыць першы ўкос траў і нарыхтаваць 27,6 тысяч тон кармавых адзінак. Праўду кажуць, летні час на вагу золата.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *