Чем будут занимаць юных шумилинцев на летних каникулах

Образование Общество

Каб дзеці былі занятыя
З пачатку мая і на працягу ўсяго летняга перыяду  супрацоўнікі РАУС сумесна з аддзелам адукацыі райвыканкама, райкамам БРСМ і іншымі адказнымі структурамі праводзяць  міжведамасную праграму “Клопат”,  накіраваную на прафілактыку безнагляднасці, дзіцячага траўматызму, ДТЗ, крадзяжоў і іншых правапарушэнняў.  Што робіцца ў гэтым накірунку ў раёне?  Пра гэта мы запыталіся ў  спецыялістаў арганізацый, адказных за праграму “Клопат”.
Людміла Грузневіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:
– У школах раёна правялі апытанне сярод тых падлеткаў, якія  стаяць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх, і  жывуць у сацыяльна-небяспечных сем’ях. Прааналізавалі, чым будуць заняты такія дзеці. Многія з іх будуць наведваць школьныя ці валанцёрскія лагеры. Астатніх пастараліся працаўладкаваць на прадпрыемствы. Некалькі хлопцаў будуць працаваць у ПМК-70 ў якасці падсобных рабочых, некаторыя вясковыя школьнікі пойдуць працаваць на фермы.
Валянціна Навіцкая, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама:
– У мерапрыемстве “Клопат” непасрэдны ўдзел прымаюць і работнікі культуры. Тэма летняга адпачынку дзяцей і іх занятасці абмяркоўвалася на  раённай нарадзе клубных і бібліятэчных работнікаў. Кожная ўстанова культуры мае  план работы на летні перыяд з дзецьмі і падлеткамі. Графікі работы ў многіх зменены – летам будуць працаваць дадатковыя гурткі ці аб’яднанні па інтарэсах. Ды і вячэрнія мерапрыемствы з выкарыстаннем розных форм работы будуць ладзіцца значна часцей: па серадах, пятніцах, суботах і нядзелях. Работнікі ўстаноў культуры будуць выязджаць у школьныя лагеры з забаўляльнымі праграмамі, канцэртамі, спектаклямі.
Алена Селязнёва, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх:
–  Задача супрацоўнікаў РАУС – забяспечыць парадак і бяспеку на вуліцах і дарогах. Мы будзем дзяжурыць у лагерах кругласутачнага прабывання, прыязджаць з прафілактычнымі гутаркамі і лекцыямі ў школьныя лагеры. На працягу лета будзем праводзіць начныя рэйды. Пад асаблівы кантроль узялі тых 26 падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, 10 падлеткаў, якія стаяць на ўнутрышкольным кантролі. Усе яны летам будуць занятыя. Стараемся працаўладкаваць і пракантраляваць 248 хлопцаў і дзяўчат, якія жывуць у нядбайных сем’ях.
Кацярына Галуза, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі:
–  Выдатна адпачыць дзецям можна і ў аздараўленчых лагерах, што працуюць летам на тэрыторыі раёна. У гэтым годзе аздараўленчы лагер “Дружба” ў Амбросавічах будзе працаваць у  чатыры змены. Дзеці могуць адпачыць у лагеры “Пунсовы ветразь”, што ў Лескавічах. Будзе створаны і 21 школьны лагер. Як бачна,  у дзяцей  ёсць выбар,  дзе бавіць свой час. Цэнтр дзяцей і моладзі на працягу лета прапануе дзецям  розныя гурткі.
Аляксандр Хмарын, першы сакратар райкама БРСМ:
– Для падлеткаў будуць арганізаваны валанцёрскія лагеры. Яны будуць створаны пры СШ №1 і СШ №2.  У СШ № 2  лагер “Альтаір” будзе працаваць ў канцы чэрвеня-ліпені. Набіраем атрад з трыццаці чалавек. Гэта ў асноўным “цяжкія” падлеткі. У валанцёрскім лагеры “Альтаір” рабяты змогуць не толькі адпачыць, але і зрабіць многа карысных спраў: навесці парадак на брацкіх могілках, прапалоць школьныя клумбы і зрабіць яшчэ шмат карысных спраў.
Сяргей Каржуеў, начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама:
– Пры шумілінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе  ў чэрвені і жніўні будуць працаваць спартыўныя лагеры. На першую і трэцюю змены набіраем па пяцьдзясят чалавек. На Дзень Незалежнасці, Купалле і іншыя святы дзеці будуць задзейнічаны ў розных спартыўных мерапрыемствах. І ў любы свабодны дзень можна прыходзіць да нас на стадыён, гуляць у валейбол ці футбол.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *