Заслуженный энергетик Беларуси Пётр Виноградов отметил юбилей

Общество Экономика

З біноклем і вінтоўкай – на работу
Пётр Іванавіч Вінаградаў з Шуміліна, ідучы ці едучы, абавязкова звяртае ўвагу на падстанцыі і паветраныя лініі электраперадач: як праведзены ці зроблены, якой магутнасці ці вытворчасці. Справа ў тым, што Пётр Іванавіч – “Заслужаны энергетык Беларусі” і ведае пра электрычныя лініі літаральна ўсё: адпрацаваў у раёне электрасетак амаль паўстагоддзя.
“Мая работа – гэта маё жыццё”, – з гонарам кажа Пётр Іванавіч. Як сцвярджаюць калегі, ён заўсёды выдзяляўся жыццялюбствам, аптымізмам, непадробнай дапытлівасцю. П. І. Вінаградаў з вялікім задавальненнем расказаў нам пра сваю работу: як у маладосці ўладкаваўся спачатку электрыкам на торфапрадпрыемства “Дабееўскі мох”, як нялёгка было “маладому ды зялёнаму”. Але за працу ўзяўся заўзята, закасаўшы рукавы, вопыту набіраўся з кожным месяцам.  І калі на обальскае торфапрадпрыемства імя Даўмана прывезлі новае абсталяванне, то сярод лепшых работнікаў, якіх адкамандзіравалі праводзіць наладку, быў і Пётр Іванавіч.
“Але самая цікавая работа была ў раёне электрасетак, куды прыйшоў працаваць у 1957 годзе, – узгадаў П. І. Вінаградаў. – У мяне была адказная пасада: абходчык ліній электраперадач. Згодна з графікам праводзіў планавыя  праверкі электраліній”. З гумарам і жыцейскай дасціпнасцю Пётр Іванавіч расказаў, што абходчыкам ліній электраперадач выдавалі не толькі бінокль, але і дробнакаліберную вінтоўку – на выпадак, калі па дарозе сустрэнуцца дзікія звяры. Справа ў тым, што шлях абходчыка часта праходзіў праз лес. А жывёлы ў лясах у тую пару было больш, чым цяпер.
Некалькі гадоў П. І. Вінаградаў працаваў дыспетчарам на падстанцыі.  Электраманцёры называлі яго “сваімі вачыма і рукамі”, бо толькі па камандзе дыспетчара можна было аглядаць і рамантаваць электраабсталяванне. “На баявым пасту дыспетчар дзяжурыць па 12 гадзін, – успамінае Пётр Іванавіч. – Галоўная “прылада працы” – тэлефон. Трэба адказаць на званок, накіраваць па патрэбным адрасе электраманцёраў, перадаць звесткі пра ліквідацыю непаладак”. Пётр Іванавіч заўсёды адказваў на званкі спакойна і дакладна. Гэтак жа і дакладваў абстаноўку аператыўна-выязной брыгадзе, якая ў лічаныя хвіліны была на месцы аварыі і рамантавала сістэму.
Хаця Пётр Іванавіч зараз на заслужаным адпачынку, але ён у курсе работы раёна электрасетак – жыве ж побач. У яго цёплыя ўзаемаадносіны з былымі калегамі, якія паважаюць П. І. Вінаградава за добрую і шчырую душу, за яго гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Жонка Галіна Уладзіміраўна кажа, што ёй пашанцавала з мужам – гэта самая высокая і праўдзівая ацэнка чалавеку, з якім выхавалі чацвярых дзяцей і пражылі разам амаль паўстагоддзя.
А нядаўна Пётр Іванавіч адсвяткаваў 75-годдзе. Старшыня цэхкама Шумілінскага раёна электрасетак Ірына Мішчанкова і начальнік РЭС Дзмітрый Муркоў з кветкамі і падарункам завіталі да свайго былога работніка.  “Прызнацца, не чакаў такой урачыстасці і нават крыху разгубіўся, прымаючы столькі віншаванняў, –  кажа П. І. Вінаградаў. – Дзякуй за работу прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства: нам, ветэранам, выдзяляюць матэрыяльную дапамогу або дораць падарункі да святаў і юбілеяў. Ніводны ветэран працы не застаецца па-за ўвагай – гэта дарагога каштуе”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 61 ад 05.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *