Куда собираются поступать шумилинские выпускники…

Образование Общество

Куды вы збіраецеся паступаць?

Віталія Туркова, Язвіна:
– Збіраюся паступаць на гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Займаюся самаадукацыяй,  старанна рыхтуюся да тэсціравання.
Уладзіслаў Сяргееў, Мішневічы:
–  А я надумаў стаць аўтаслесарам. Гэту спецыяльнасць можна атрымаць у адным з віцебскіх каледжаў. Спадабалася тое, што туды можна паступіць па конкурсе атэстатаў. Думаю, ён у мяне будзе не самы горшы. А галоўнае, што аўтаслесары запатрабаваныя і на прадпрыемствах, і ў сельскай гаспадарцы.
Анастасія Петухова, Шуміліна:
–  Збіраюся паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, выбрала для сябе лячэбны факультэт. З райбальніцы мне даюць накіраванне на вучобу. І хоць пра гэта яшчэ гаварыць рана, але планую пасля вучобы вярнуцца працаваць у свой раён.
Аляксандр Зянькоў, Лявонава:
–  Мару паступіць у Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт на машынабудаўнічы факультэт. Цэлы год рыхтуюся да тэстаў па матэматыцы, фізіцы і беларускай мове.
Анастасія Шапавалава, Башні:
– У гэтым навучальным годзе наведвала факультатывы, бо рыхтуюся да тэсціравання. Вынікі пробнага мяне не зусім задаволілі. Але, з другога боку, гэта быў стымул для лепшай падрыхтоўкі. Хочацца паступіць у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт  на факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі.
Эльдар Семчанка, Жданоўка:
– Збіраюся паступаць у Гарадоцкі каледж на вадзіцеля. Думаю, паставіў перад сабой рэальную задачу, бо конкурс у гэты каледж не вельмі вялікі.
Дзяніс Лабейка, Кардон:
– Мару паступіць у Полацкі тэхналагічны ўніверсітэт на інжынера-будаўніка.  Рыхтуюся старанна, бо так хочацца, каб мая мара збылася!
Вольга Несцярэнка, раённая гімназія:
–  Калі чэсна, дык з факультэтам яшчэ не вызначылася. На прыкмеце ёсць два: ветэкспертыза і фармацыя. Гэтыя спецыяльнасці можна набыць  у Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.
Андрэй Папіна, Крывое Сяло:
– А я сваё жыццё так ці інакш думаю звязаць з сельскай гаспадаркай. Мару паступіць у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Думаю там набыць спецыяльнасць інжынера-механіка.
Мікалай Яцук, Полькавічы:
–  Рыхтуюся паступаць у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “прыкладная інфарматыка”. Упэўнены,  што хутка буду студэнтам менавіта гэтай навучальнай ўстановы.
Гутарку вяла Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *