В Шумилинском районе прошли туристические слёты

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Турысты ўсіх узростаў, яднайцеся!
У аўторак адбыўся дзіцячы турзлёт. Свае каманды выставілі 14 школ раёна. І трэба адзначыць, што сёлета юныя турысты добра падрыхтаваліся да спаборніцтваў – гэта было бачна як па прываблівых лагерах, так і па адносінах да мерапрыемства. Але вялікія карэктывы ўнесла ў вучнёўскі турзлёт надвор’е з ліўнямі, якое не дала ніякіх шансаў правесці ўсе этапы турзлёту.
*   *   *
У пятніцу ўзяў старт 43-і раённы турзлёт моладзі, арганізатарамі якога выступілі аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, аддзел па справах моладзі райвыканкама, ФСК “Здароўе” і райкам ГА БРСМ. Свае каманды прадставілі толькі 6 арганізацый: “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ПМК-70, райспажыўтаварыства, раён электрычных сетак, ОКЗ і ЦРБ.
На ўрачыстым адкрыцці фэсту начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў падкрэсліў, што для многіх стала добрай традыцыяй сустракаюцца на турзлеце ў Лескавічах. Сяргей Уладзіміравіч пажадаў ўдзельнікам не толькі перамог у конкурсах і спаборніцтвах, а і добрага актыўнага адпачынку.
У першы дзень клопатаў у турыстаў было дастаткова. Найперш  – добраўпарадкаванне свайго лагера. А зрабіць гэта было не так і проста: пасля дажджоў, якія ішлі некалькі дзён запар, у лесе было няўтульна. Праўда, гэта ніяк не сапсавала настрой турыстаў, яны з гумарам, стойка пераносілі складанасці турысцкага жыцця. Увечары каманды чакалі спаборніцтвы па фігурным ваджэнні веласіпеда, валейболе і футболе.
Асноўны этап на турзлёце – турысцкая паласа перашкод. Камандам неабходна не толькі хутка і без штрафаў пераадолець чатыры кіламетры дыстанцыі, а і добра арыентавацца па карце і мясцовасці. Брод, купіны, маятнік, транспарціроўка пацярпелага… Карацей кажучы, турысцкая паласа перашкод для многіх стала сапраўдным выпрабаваннем. Праўда, усе каманды з такім выпрабаваннем справіліся добра. Сюрпрызам стала выступленне каманды ОКЗ, якая сёлета  цалкам складалася з навічкоў раённага турзлёту. І гэтыя навічкі выйгралі турысцкую паласу перашкод!
Яскрава і смачна прайшоў конкурс кулінараў. Каманды праявілі багатую фантазію ў прыгатаванні страў. Асаблівай папулярнасцю карысталася рыба і юшка.
Арганізатары турзлёту ўключылі ў праграму спаборніцтваў і новы конкурс – віктарыну, пытанні якой датычыліся спартыўнага жыцця Віцебшчыны. Прыемна, што многія цікавяцца спортам Прыдзвіння, а таму і вялікіх праблем з адказамі на пытанні віктарыны ў каманд не было.
Цікавым быў конкурс мастацкай самадзейнасці, было бачна, што каманды да турзлёту рыхтаваліся загадзя.
У апошні дзень турзлёту турыстаў чакаў трыятлон, але куды яму да турысцкай паласы перашкод! Хаця вынікі ў трыятлоне добра паўплывалі на выніковую табліцу турзлёту.
Перамогу ў раённым турзёце моладзі атрымала каманда “Шумілінскага райаграсэрвісу”, другое месца – у ЦРБ, трэцяе – у ПМК-70.
Надрукавана ў №44 за 07.06.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *