23 марта председатель райисполкома В. А. Подлещук провёл “прямую линию” с населением района

Актуалии Общество Президент

“Захоўваючы інтарэсы  людзей”
23 сакавіка старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук правёў “прамую лінію” з насельніцтвам раёна.
Быць гатовым выслухаць чалавека, незалежна ад таго, сур’ёзная гэта праблема, скарга ці нават асабісты патаемны сакрэт – “кожнаму сваё баліць”, удзяліць суразмоўцу максімум увагі і павагі, падтрымаць, пастарацца рашыць пытанне на карысць чалавека – гэта першачаргова ў рабоце з насельніцтвам, перакананы В. А. Падляшчук.
Людзі адчуваюць гэта, відаць, таму заўсёды так многа жадаючых па-званіць кіраўніку раёна. І людзі ўдзячныя за гэтую магчымасць. Як, напрыклад, Л. Л. Русакова з райцэнтра, якая непакоілася за лёс нявесткі з сынам, бо райаграсэрвіс высяляе іх з інтэрната.
Нявестка пайшла працаваць на свінаводчы комплекс райаграсэрвісу, даводзіла жанчына, яна ж не вінаватая, што комплекс перадалі Віцебскаму КХП, сёння сям’я стала на чаргу будаваць кааператыў, чакае дзіця, а іх – на вуліцу…
Супакойце вашу нявестку, выслухаўшы споведзь, параіў Вальдэмар Антонавіч, не дазволім іх выселіць, будуць жыць у інтэрнаце пакуль не пабудуюць кватэру.
Многія праблемы – канкрэтнага дома (напрыклад, рамонт дома № 82 па вуліцы Сіпко ў Шуміліне, пра які гаварыла Т. Я. Балашкова) ці вёскі (праблема будучага вёскі Мікалаёва хвалявала Г. І. Галуза) – старшыня райвыканкама ведае дасканала. Пытанне тут у фінансах. Безумоўна, улады будуць імкнуцца і дом адрамантаваць, запэўніў В. А. Падляшчук, і аднаўленне вёскі Мікалаёва раён запланаваў ў рамках будучай рэспубліканскай праграмы развіцця сельскіх тэрыторый.
Доўгай і скрупулёзнай была размова з С. С. Баркоўскім з Дабеі. Малаказдатчыку было важна расказаць кіраўніку раёна і пра аналіз малака, які, на яго думку, трэба рабіць штодзённа, і пра тое, якая інстанцыя ў раёне з’яўляецца апошняй пры вызначэнні тлустасці малака, і пра пераразлік здадзеных літраў на кілаграмы, які не робіцца, і іншыя нюансы малочнай справы.
Вальдэмар Антонавіч гэту тэму ведае дасканала, таму адразу даваў тлумачэнні. Ён зацікаўлены, каб такіх гаспадароў, якія сёння здаюць дзяржаве па 10 тысяч літраў малака ў год, было ў раёне болей, але ж трэба адстойваць, абараняць інтарэс прыватніка, мацаваць яго зацікаўленасць.
В. А. Падляшчук даручыў упраўленню сельскай гаспадаркі дадаткова прааналізаваць гэта пытанне, напрыклад, па таму ж пераразліку літраў на кілаграмы, зрабіць усё, каб чалавек меў за сваю працу годную ўзнагароду.
З Віцебска патэлефанаваў А. В. Левін. Ёсць жаданне заняцца аграэкатурызмам у нашым раёне. Такую ініцыятыву ўлада падтрымлівае ўсямерна. Тут прадугледжаны беспрэцэдэнтныя дзяржаўныя льготы, толькі працуй.
За кожным узнятым пытаннем – канкрэтныя людзі, іх клопат, дабрабыт. Лесавозы пабілі дарогу (Н. В. Марозава ад імя жыхароў вуліцы Савецкай, што ў райцэнтры); дом адключылі ад водаправоду (А. І. Ганушчанка з вуліцы 40 год Кастрычніка); у кватэры няма гарачай вады (Г. А. Краснова, зноў Шуміліна) – кожнае пытанне старшыня разглядае ўважліва. Адразу дае адказ ці даручае разабрацца спецыялістам адпаведнага ведамства, разабрацца “не для галачкі, а максімальна захоўваючы інтарэсы людзей”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №22 ад 25.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *