На совещании В Шумилинском райисполкоме были проанализированы назревшие вопросы сельскохозяйственного производства

Актуалии Президент Экономика

Пра жывёлу, кармы і бабовыя культуры
10 лютага ў райвыканкаме прайшла аператыўная нарада па бягучых пытаннях вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі з удзелам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага аблвыканкама С. А. Догеля, яго першага намесніка У. А. Машэры.  Правёў нараду старшыня райвыканкама А. І. Снараў, на яе былі запрошаны кіраўнікі сельгасарганізацый раёна.
Напярэдадні нарады У. А. Машэра пабываў на некаторых фермах раёна. Уладзімір Аляксандравіч з лепшага боку адзначыў фермы КУСГП “Ульскі”, дзе навідавоку зрухі да лепшага. У іншых гаспадарках, на жаль, было больш недахопаў, чым станоўчага. Так, на фермах  Рашэтнікі (ААТ “Лаўжанскае”),  Язвіна і Башні (ААТ “АграБаравінка”) не было ў дастатковай колькасці конавак, неабходных для здойвання малака, і сурвэтак, у Латкове (ААТ “Лаўжанскае”) адсутнічаў камбікорм для цялят. На некаторых фермах канцэнтраты выдаюць усім каровам аднолькава. Так не павінна быць, падкрэсліў У. А. Машэра, трэба на кожнай ферме паставіць асобна дойных, навацельных і сухастойных кароў і адпаведна іх карміць. На нарадзе ўзнімаліся пытанні кармлення жывёлы, якасці кармоў, адказнасці на месцах кіраўнікоў, заатэхнікаў і ветурачоў.
На нарадзе выступіў кожны кіраўнік сельгаспрадпрыемства, расказаў аб праблемах, якія яго хвалююць, і атрымаў слушныя парады спецыялістаў з аблвыканкама. У прыватнасці, было прапанавана больш актыўна выкарыстоўваць выплату часткі заработнай платы праз Віцебскі мясакамбінат, магазін “Залатая ніва” Полацкага КХП і магазіны райспажыўтаварыства. У гэтым накірунку добра наладжана работа ў КУСГП “Мішневічы”, дзе ўжо на працягу многіх гадоў работнікі мясцовай гаспадаркі бяруць тавары ў кошт заробку ў мясцовых прадуктовым і прамтаварным магазінах.
С. А. Догель засяродзіў увагу прысутных на размеркаванні пасяўных плошчаў і загадаў неадкладна перагледзіць іх структуру ў ААТ “АграБаравінка” і “Лаўжанскае”, у якіх ужо сёння закончыліся кармы. Добра, што суседзі аказаліся запаслівымі: падзяліліся сенажом ААТ “Прыдзвінскі”, ёсць рэзервы ў СФГ “Раднік” і КУСГП “Ульскі”, лішкі саломы ёсць у ААТ “Прыазёрны мір”. Гэта дазволіць справіцца з сітуацыяй уласнымі сіламі, запэўніў А. І. Снараў. Адзначалася, што сёлета чакаецца ранняя вясна, і ўжо ў сакавіку гурты цёлак мяркуюць выганяць на пашу.
С. А. Догель падкрэсліў, што кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў патрэбна ісці ў нагу з часам, улічваць у рабоце кліматычныя ўмовы, які зараз мяняюцца. Так, у перадавых гаспадарках вобласці, улічваючы, што апошнія гады летам усталёўваецца засушлівае надвор’е, пачалі адыходзіць ад злакавых культур, якія не даюць жаданага ўраджаю. “Замест іх перайшлі на канюшыну і фестулоліум, якія багаты на бялок і цукар адпаведна, – расказаў Сяргей Аляксандравіч. – Да таго, бабовыя культуры дазваляюць эканоміць дарагія азотныя ўгнаенні і з’яўляюцца добрымі папярэднікамі для зерневых. Напрыклад, летась некаторыя гаспадаркі Бешанковіцкага і Верхнядзвінскага раёнаў пасеялі бабовыя і засталіся ў выйгрышы – нарыхтавалі дастаткова якасных кармоў. Дастойна пераймання вопыту і Расоншчына, дзе адразу пасля сяўбы яравых на полі працуе пасяўны агрэгат, бункер якога напоўнены сумессю шматгадовых траў для перазалужэння”.
На нарадзе гаварылі і аб падрыхтоўцы тэхнікі да вясенне-палявых работ. С. А. Догель расказаў, што райаграсэрвісы некаторых раёнаў арганізавалі механізаваныя атрады, якія дапамагаюць гаспадаркам у час пасяўной і ўборачнай. Такі прыклад ёсць  у суседнім Гарадоцкім раёне. Старшыня камітэта настройваў кіраўнікоў сельгасарганізацый на сур’ёзную работу па рамонце трактароў і пасяўных агрэгатаў –  прайшла амаль палова лютага, а ў некаторых яшчэ не гатовы бароны і чызелі, іншым трэба везці рухавікі на маторарамонтны завод у Віцебск. А час не чакае – сонца павярнула на вясну.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *