Подготовка детских оздоровительных лагерей рассматривалась на заседании президиума районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Трывогі і чаканні лагераў адпачынку
Лета – пара канікулаў, і кожны вучань хоча як след адпачыць, набрацца сіл і здароўя, каб хапіла яго на ўвесь наступны  навучальны год. Таму канец мая-пачатак чэрвеня – пік клопатаў аддзела адукацыі па арганізацыі аздараўлення дзяцей у лагерах адпачынку. Сёлета будзе наладжана работа 13 лагераў дзённага знаходжання. У лагерах пры школах за лета пройдуць аздараўленне 600 дзяцей. А яшчэ у дадатак лагер адпачынку “Пунсовы ветразь”, створаны на базе Шумілінскай гімназіі ў Лескавічах,  9 валанцёрскіх лагераў, рознага роду спартыўныя лагеры, ад аддзела па надзвычайных сітуацыях, ад міліцыі, а яшчэ – пуцёўкі ў лагер “Дружба” ў Амбросавічах.
З тым, каб высветліць, як ідзе падрыхтоўчая работа, і сабралася пасяджэнне прэзідыума, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Тэму гаворкі   нельга перацаніць. А між тым прабелаў і нестыкаваных момантаў у гэтым плане хоць адбаўляй.
Гаворку па тэме  пачаў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў. Трывожна за халадзільнае абсталяванне. Яго не стае. Тым не менш кожнаму ясна: без халадзільніка летні лагер працаваць ніяк не можа. Яшчэ ў памяці   леташняя аздараўленчая кампанія, калі завозілася дарагое мяса, калі хранічна не хапала садавіны. Тады натуральныя нормы, напрыклад,  па мясу былі выкананы ўсяго на трэць, крыху больш як напалову – па фруктах. Такой сітуацыі сёлета дапусціць нельга, таму патрэба ў дэталёвай дамове аддзела адукацыі з райспажыўтаварыствам па харчаванні вельмі пільная. Тым не менш на дзень пасяджэння прэзідыума такога дакумента не было.
Важна прадумаць механізм завозу ўсяго, што трэба для харчблокаў, выпрацаваць разумную цэнавую палітыку. І потым, 810 тысяч рублёў за пуцёўку, што будуць плаціць бацькі з бюджэтнай арганізацыі (нягледзячы на тое, што дзяржаўная датацыя складае на пуцёўку  900 тысяч рублёў),  на іх думку – дарагавата. Таму нямала ваганняў, наогул адмаўленняў купляць пуцёўку.
Асобна хочацца сказаць пра   лагер “Пунсовы ветразь” у Лескавічах. Лагер кругласутачны, а значыць,  ён дыктуе арганізатарам асаблівае да сябе стаўленне. Тут за дзве змены павінны адпачыць 200 дзяцей. Галоўны санітарны ўрач раёна В. Р. Бурэнь, які спыніўся ў выступленні на падрыхтоўцы харчблокаў у школах раёна да аздараўленчай кампаніі, асаблівы акцэнт зрабіў на лагер у гімназіі. Мала таго, што была не прыведзена тэрыторыя лагера ў парадак, а таксама пляж (не  абкошаныя, расце хмыз, аблупленая фарба, прагнілыя парэнчы і інш), дык і з захаваннем посуду тут ёсць няўвязкі. Не ўсё гладка з кантэйнерамі для вывазу смецця, з рамонтам пешаходных дарожак, якія вядуць да спальнага корпуса. Вокны заменены на ПВХ, аднак на летні перыяд актуальнай застаецца засцярога дзяцей ад рознага гнусу – машкары, камароў. Таму патрэбны на вокнах супрацьмаскітныя сеткі. Выдзелена гімназіі з абласнога бюджэту 27 мільёнаў,  з гэтых грошай і трэба выкраіць на названыя патрэбы.
На думку В. Р. Бурэня, на дзень размовы ўсяго 30% лагераў былі падрыхтаваны да прыёму дзяцей. А што астатнія 70%? У тым ліку і пры СШ № 1,  дзе ў харчблоку трэба экстранна правесці касметычны рамонт. Хаця тут ужо сталуюцца дзеці са спартыўнага лагера. Відаць, давядзецца рамонт весці ў выхадныя. Былі заўвагі і ад начальніка РАНС І. А. Крукава.
І апошняе – пра тое, каб лагер “Пунсовы ветразь” радаваў вока, каб прыемна было зайсці на пляж, бачыць навокал прыгожыя краявіды, не азмрочаныя ні звалкамі, ні адсутнасцю арэляў, дагледжанага пляжа, лавачак, усяго таго, што стварае настрой і бяспеку ў час адпачынку. Для гэта павінны пастарацца арганізацыі раёна. Перш за ўсё лясгас, за ім і замацавана возера ў Лескавічах. Дапамагчы прадпрыемству закліканы ПМК-70, УП ЖКГ, ДРБУ-204, Шумілінскі райаграсэрвіс, адасланы ліст-заказ на ачышчэнне дна возера ў раёне пляжа сіламі абласной арганізацыі ратавання на вадзе. Тое-сёе зроблена, але далёка не ўсё. Часу мала (адкрыццё змены чакаецца 19 чэрвеня), трэба фарсіраваць пытанне з тым, каб паспець да прыезду дзяцей. Таму вырашана ў пятніцу, 7 чэрвеня, сабраць у гімназіі  кіраўнікоў названых арганізацый з тым, каб паглядзець на месцы, што зроблена.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №44 за 07.06.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *