Интересное лето в Шумилино – детей приглашают в лагеря, кружки и спортивные секции

Актуалии Образование Общество

У лагер, да бабулі ці ў гурткі?
Для нас,  гарадскіх бацькоў,  лета становіцца сапраўдным выпрабаваннем у тым сэнсе, што трэба заняць карыснымі справамі сваіх дзяцей. Добра, калі ёсць дача ці бабуля непадалёк, калі ёсць магчымасць адправіць дзіця ў аздараўленчы лагер. Але, зноў жа, рэдка якое дзіця прабудзе там усё лета. Таму пытанне занятасці дзяцей узнікае у многіх бацькоў.
“Прыводзьце дзяцей да нас, – запрашае дырэктар Цэнтра дзяцей і моладзі Р. А. Туманава. – Пры Цэнтры працуюць 15 аб’яднанняў па інтарэсах. Тут займаюцца 338 дзяцей. На лета прымаем і больш. Калі ў час заняткаў дзіця паспявае толькі ў адзін-два гурткі, то летам можна паспрабаваць сілы ў многіх. Прычым, аб’яднанні па інтарэсах могуць наведваць не толькі дзеці з Шуміліна, але і прыезджыя, скажам, якія гасцююць летам у Шуміліне. Кіраўнікі гэтых аб’яднанняў мяркуюць праводзіць розныя конкурсы, экскурсіі, паходы. Напрыклад, у пачатку чэрвеня нашы дзеці хадзілі ў паход па маршруце Непароты-Горкі-Амбросавічы. Усім спадабалася, засталіся задаволенымі”.
У Цэнтры дзяцей і моладзі можна навучыцца рабіць падзелкі з прыродных матэрыялаў, з паперы, лазы і гліны,  выпільваць  лобзікам, навучыцца гуляць у шахматы, танцаваць, вязаць і вышываць і многаму  іншаму.
Аб’яднанні па інтарэсах ад Цэнтра дзяцей і моладзі працуюць і на базе СШ № 1, СШ №2, Мікіціхінскай, Язвінскай і Обальскай школ.
Усё лета будуць працаваць гурткі і ў Доме рамёстваў. “У нас няма канікулаў, – усміхаецца дырэктар Дома рамёстваў В. В. Загвоздава. – А расклад гурткоў складзены такім чынам, каб кожны летні месяц было чым заняць дзяцей. Да нас можна прыходзіць як вучням пачатковых класаў, так і старшакласнікам. Можна прыйсці ў любы дзень, паглядзець нашы работы і выбраць сабе гурток па душы”.
Пры Доме рамёстваў працуе гурток па саломапляценні, вязанні кручком, ткацтву, абрэзкавай тэхніцы і лялечны тэатр “Батлейка”. У Лаўжанскім Цэнтры культуры створаны філіял Дома рамёстваў. Тут працуюць 2 гурткі – “Вышыванка” і “Вышыўка народнага касцюма”.
Сваю праграму ў час летняга адпачынку прапануюць работнікі гарадскога Дома культуры. “У нас працуюць два танцавальныя гурткі “Праект” (для сярэдняй і старэйшай групы дзяцей), танцавальны гурток “Люкс” (для малодшай групы), – кажа намеснік дырэктара Дома культуры С. В. Дземідзенка. – Акрамя гэтага, можна наведваць  дзіцячую тэатральную студыю, дзіцячую ўзорную студыю “Асарці”, маладзёжны дыскаклуб “Круг”. Будзем вельмі рады бачыць у сваіх гуртках як нашых пастаянных наведвальнікаў, так і навічкоў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *