Крокі жыццёвай дарогі Уладзіміра Долгага

Актуалии Людзі і лёсы Экономика

Крокі жыццёвай дарогі Уладзіміра Долгага
Жыццё кожнага чалавека непаўторнае і ўнікальнае, і тым яно  здаецца больш каштоўным, калі не дарэмна пражытыя гады, калі многае зроблена і ёсць пра што расказаць дзецям і ўнукам. Менавіта такім выдалася  жыццё Уладзіміра Пятровіча Долгага, былога старшыні калгаса імя Леніна.

Першы сакратар Шумілінскага райкама КПБ Васіль Храмцоў, старшыня калгаса імя Леніна Авенір Кухарэнка, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Навуменка, аграном калгаса імя Леніна Уладзімір Долгі і брыгадзір калгаса імя Леніна Іван Скітовіч (злева направа). Фота 70-х гадоў з сямейнага архіва У. Долгага.

Крок першы.
“Зямля не кіне і не здрадзіць”
Вясковаму хлопцу з Чашніцкага раёна гэты адказны крок у сваім жыцці дапамаглі зрабіць бацькі. Яны абодва былі рабочымі ў мясцовым калгасе, любілі зямлю і з задавальненнем працавалі на ёй, былі ўпэўнены ў словах беларускага класіка, што “зямля не кіне і не здрадзіць”.
“Ідзі, сынок, вучыцца на агранома, гэта патрэбная і важная прафесія”, – раілі бацькі.  І сын паслухаўся. Закончыў Лужаснянскі сельгастэхнікум, адкуль у 1968 годзе яго накіравалі працаваць на Шуміліншчыну. У калгасе імя Леніна спачатку быў брыгадзірам, а праз год – галоўным аграномам. З прыходам маладога спецыяліста земляробства ў калгасе атрымала нібыта новае дыханне. Уладзімір Долгі не баяўся эксперыментаваць і прымяняць новыя тэхналогіі. Разумны і граматны аграном пралічыў: колькасць арганікі, якую ўносяць на палеткі, усё роўна не дасць такога эфекту, як пры прымяненні штучных угнаенняў, якія засвойваюцца раслінамі на 90%. І калі спецыялісты іншых гаспадарак у тыя часы яшчэ баяліся прымяняць аміячную ваду, то Уладзімір паспрабаваў. І ўсё атрымалася. Як расказаў Уладзімір Долгі, у 1969 годзе ўраджайнасць зерневых у калгасе склала 19,6 цэнтнера з гектара (за папярэдні год было толькі 8,2 ц/га). Да маладога спецыяліста прыязджалі вучыцца з іншых гаспадарак раёна, з ім раіліся.
На той час перадавіком у раёне быў калгас імя Кароткіна (Добрына), дзе галоўным аграномам працавала Ганна Атрахімовіч (будучы кіраўнік саўгаса “Сіроцінскі”). Два калгасы спаборнічалі за лепшы ўраджай.
– Ці абыдзем мы кароткінцаў? – пытаўся ў свайго агранома старшыня калгаса імя Леніна Авенір Кухарэнка.
–  Абавязкова, – як заўсёды, упэўнена адказваў Уладзімір Долгі, у планах якога было пасеяць ячмень новага гатунку ”маскоўскі”.
І поспех не прымусіў чакаць: у 1971 годзе  зерневыя далі 30 ц/га – на цэнтнер больш, чым у суседзяў. Перадавыя камбайнеры Андрэй Лапавухаў і Віктар Карунны не маглі нарадавацца: на некаторых участках зерневыя давалі і па 50 цэнтнераў з гектара. Бункеры напаўняліся ўмомант, для адвозкі прыйшлося дадаткова выдзеліць тэхніку. За такі рэкордны ўраджай на Шуміліншчыне Уладзіміра Долгага ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”, а крыху пазней – медалём “За доблесную працу”. Узнагароды ў той год атрымалі многія камбайнеры і вадзіцелі калгаса.
Крок другі.
Старшынёўскі
У 1976 годзе Уладзімір Долгі завочна закончыў Велікалуцкі сельгасінстытут. І на той час ужо вопытнаму спецыялісту прапанавалі ўзначаліць калгас імя Леніна. “На зацвярджэнне у абкам партыі ездзілі разам з будучым першым сакратаром райкама КПБ Нінай Сянчурай, згадвае Уладзімір Пятровіч. – 16 чэрвеня 1976 года на агульным калгасным сходзе мяне выбралі старшынёй калгаса імя Леніна. Не буду крывіць душой, крыху боязна было. Аднак цешыла тое, што гэта родны калгас, дзе знаёмае кожнае поле, дзе ведаю, на каго можна разлічваць і каму давяраць. Правай рукой былі мой намеснік удзельнік вайны Міхаіл Мясаедаў,  галоўны заатэхнік Вера Шыманец, аграном Галіна Пашкоўская, загадчык майстэрні Уладзімір Даніловіч, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Віктар Германаў і многія іншыя”.  Паколькі малады старшыня быў па спецыяльнасці аграномам, курс трымаў на культуру земляробства. Ураджаі ў калгасе імя Леніна радавалі з года ў год. Збіралі па пяць тысяч тон збожжа, вырошчвалі добры ўраджай кукурузы, караняплодаў, бульбы. Выдатна раслі шматгадовыя травы, рэнтабельнасць канюшыны складала амаль 200%.
Крок трэці.
Курс – на  жывёлагадоўлю
Добрыя ўраджаі ўмацавалі кармавую базу гаспадаркі. Малады старшыня ўпэўніўся, што круглы год прыбытак можна атрымліваць не толькі ад малака, але і ад продажу мяса. Таму ў гаспадарцы пачалі будаваць фермы: у вёсцы Саломенка, у Баёўцы, Лескавічах,  Светласельскім. Жывёла знаходзілася ў годных умовах, плюс добрае кармленне і належны догляд. Многія даяркі дабіліся чатырохтысячных надояў. У перадавіках былі Вера Тукаева, Зінаіда Агурцова, Ніна Прохарава (Баёўка), Лілія Магільніцкая (Светласельскі), Галіна Трошчанка, Ганна Гушча (Саломенка). Уладзімір Долгі помніць, як летам за дзень з ферм калгаса прывозілі на сырзавод па 15 тон малака. Перадавікі на той час атрымлівалі за месяц па 300-400 рублёў.
Былі ў калгасе і сямейныя падрады. “Дайце нам памяшканне, і мы пакажам, на што здольныя”, – папрасілі ў старшыні муж і жонка Якаў і Надзея Сцепаненкі. Яны ўзяліся даіць і даглядаць кароў на ферме Баёўка і сапраўды “паказалі ўсім” – дабіліся шасцітысячных надояў.
Па ініцыятыве старшыні калгаса ў Лескавічах пабудавалі свінаферму на чатыры тысячы галоў, тут працавала адказная загадчыца Еўдакія Кавалёва. Перадавым аператарам была Зоя Карнакова, якая за свае працоўныя дасягненні неаднойчы пабывала на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Таксама вельмі добра працавала Антаніна Туркова. Па словах У. Долгага, калгас на той час прадаваў дзяржаве па 900 тон мяса за год, у тым ліку па 400 тон свініны. Вытворчасць мяса і малака была вельмі выгаднай. І ў 80-ыя гады калгас імя Леніна стаў калгасам-мільянерам у прамым сэнсе гэтага слова.
Крок чацвёрты.
Клопат пра людзей
Камуніст кіраўнік калгаса Уладзімір Долгі стараўся ствараць камфортныя ўмовы для работы і жыцця людзей. Маглі дазволіць сабе купіць новую тэхніку не толькі айчыннай, але і замежнай вытворчасці, правесці да кожнай вёскі водаправод, выдзеліць грошы на будаўніцтва кватэр і бясплатна забяспечыць жыллём сваіх работнікаў. Перадавікоў узнагароджвалі прэміямі, каштоўнымі падарункамі, турыстычнымі паездкамі. Знамянальным для ўсяго калектыву стаў 1983 год, калі за вытворчыя паказчыкі калгасу быў уручаны пераходны Чырвоны Сцяг.
У калгасе была створана свая будаўнічая брыгада, у якую ў сярэдзіне 80-х уваходзіла дваццаць чалавек. Яны за год выконвалі работ больш як на 400 тысяч рублёў. Гаспадарчым спосабам будавалі жылыя дамы для калгаснікаў, павеці для захоўвання кармоў, гаражы, сянажныя траншэі, сховішчы для караняплодаў, пральна-лазневы камбінат, на ўсіх фермах абсталёўвалі бытавыя пакоі для жывёлаводаў. У калгасе быў створаны і свой сталярны цэх, дзе плённа працавалі столяр Міхаіл Саўчанка, не было нараканняў і на сям’ю яго брата – муляра Віктара Саўчанку з жонкай Нінай, якая працавала рабочай.  Аб’екты, узведзеныя сваімі сіламі, абыходзіліся калгасу напалову танней у параўнанні з тымі, куды бралі падрадныя арганізацыі. Напрыклад, домік сядзібнага тыпу, якіх будавалі па 6-7 за год, абыходзіўся прыкладна ў 10 тысяч рублёў.
У 80-ыя гады ў калгас імя Леніна з іншых абласцей і раёнаў пераехала нямала сем’яў. Практычна ўсіх забяспечылі жыллём. А вось работы не хапала, асабліва жанчынам, і гэта было вялікай праблемай. Тады Уладзімір Долгі паехаў на фабрыку КІМ у Віцебск, каб дамовіцца аб адкрыцці філіяла ў Шуміліне. Там не адмовілі, і хутка на вуліцы Хамянкова ў двух фінскіх доміках размясціўся швейны цэх, дзе працаўладкавалі сорак жанчын. Цэх спецыялізаваўся на шыцці жаночых камбінацый, па плане за змену іх павінна быць тысяча штук, але жанчыны перавыконвалі план.
Крок пяты.
Да сям’і
Пасля 24-гадовага кіраўніцтва калгасам імя Леніна Уладзімір Долгі тры гады працаваў намеснікам дырэктара ў “Сіроцінскім”. Ён і цяпер рупіцца майстрам забойнага цэха “Вітконпрадукта”. Як і ў маладосці, Уладзімір Пятровіч зараз застаецца чалавекам прынцыповым, рашучым, у меру строгім, не церпіць разгільдзяйства, але заўсёды ідзе насустрач шчырым і працавітым.
Дома Уладзіміра Долгага чакае на-дзейны тыл: жонка Зінаіда Пятроўна, з якой разам выхавалі двух сыноў. Іх і трох унучак заўсёды з нецярпеннем чакаюць у госці.
…Вось скончаны рабочы дзень. Уладзімір Пятровіч накіроўваецца дадому, каб зрабіць крок насустрач родным, прыняць іх у свае абдымкі. І гэты крок Уладзімір Долгі лічыць зараз самым галоўным у сваім жыцці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №37 ад 14.05.2019 г.