Выход для шумилинских мелиораторов – в поиске платёжеспособных заказчиков

Экономика

У пошуку грашовых заказчыкаў
На мінулым тыдні адбыўся справаздачны сход на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. На сходзе прысутнічалі начальнік агульнага аддзела КУП “Віцебскмеліявадгас” У. Д. Аляксеенка і намеснік начальніка аддзела па меліярацыі і інвестыцый гэтага ж прадпрыемства У. А. Карпаў.
Галоўнай задачай  прадпрыемства меліярацыйных сістэм з’яўляецца гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на ўтрыманне ў добрым стане меліярацыйнай сеткі. У 2012 годзе прадпрыемства ў поўным аб’ёме выканала мерапрыемствы, прадугледжаныя дзяржаўнай праграмай “Захаванне і выкарыстанне меліярацыйных зямель”, адзначыў у сваім дакладзе дырэктар ПМС В. Ц. Мянькоў.
У мінулым годзе меліяратары праводзілі рамонт і рэканструкцыю меліярацыйнай сеткі на тэрыторыі “Прыазёрнага міру”, “АграБаравінкі”, “Шумілінскага райаграсэрвісу”, “Ульскага”. У пастаянную эксплуатацыю ўведзены 402 гектары рэканструяваных зямель. Абкошванне каналаў, прамыўка калектараў, правядзенне культурна-тэхнічных работ  па выкананні абласной праграмы “Чыстыя палеткі”,  правядзенне вертыкальнай планіроўкі для будаўніцтва новых тэнтавых фермаў,  работы па планіроўцы новых даільных залаў на фермах – далёка не ўвесь пералік работы меліяратараў.
Аднак, характарызуючы работу прадпрыемства, Васіль Цімафеевіч адзначыў, што калектыў мог бы мець намнога лепшыя паказчыкі. І мільярд рублёў страт ад работы прадпрыемства, вядома, не могуць радаваць. Дырэктар назваў прычыны, якія сталі падставай для такіх вынікаў: парушэнне тэхналагічных працэсаў і слабая працоўная дысцыпліна. Так, за мінулы год  на рахунку некаторых работнікаў прадпрыемства ёсць прагулы, шэсць чалавек былі ўвогуле звольнены за тое, што з’явіліся на работу нецвярозыя. На аб’ектах недапрацоўвае служба аховы, адсюль і крадзяжы, ад якіх прадпрыемству толькі мінус, падкрэсліў дырэктар ПМС.
Важнейшы паказчык работы прадпрыемства – заработная плата, якая вырасла за 2012 год на 66,5%. Вядома, кожнаму, хочацца атрымліваць годны заробак. Але для гэтага трэба павышаць прадукцыйнасць працы, працаваць поўны светлавы дзень, арганізаваць работу новай тэхнікі ў дзве змены, павялічыць аб’ёмы работ.
Бухгалтарская служба прадпрыемства падлічыла: каб плаціць дастойны заробак, мець грошы на матэрыялы і абсталяванне, прадпрыемству трэба штомесячна зарабляць 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Але, зноў жа, прадпрыемства сутыкаецца з праблемамі: сельгаспрадпрыемствы не разлічваюцца своечасова за выкананыя работы, ёсць даўгі яшчэ за 2010 год. Якое выйсце з гэтай сітуацыі? Яго прапанаваў  У. А. Карпаў, які адзначыў, што ў сучасных рыначных умовах прадпрыемству варта шукаць заказчыкаў, якія расплачваюцца своечасова. Няхай гэта будзе работа, напрамую не звязаная з меліярацыяй, напрыклад, рамонт дарогі (зараз меліяратары рамантуюць дарогу Купніно-Шашы), іншыя будаўнічыя паслугі. Трэба развіваць і прадумваць іншыя паслугі, інакш прадпрыемству будзе цяжка выжыць, падкрэсліў Уладзімір Аляксандравіч.
На справаздачным сходзе меліяратары не былі раўнадушнымі слухачамі. Яны задавалі пытанні, узнімалі праблемы. Пра недахоп механізатараў і вадзіцеляў, пра забеспячэнне спецадзеннем, пра новыя віды работ, іншыя набалелыя пытанні.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №20 ад 12.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *