Творчество наших земляков. Виктор Гусаков

Мир увлечений

СЭРЦА ПАКЛІКАЛА
Зімовы лес для адных – цудоўны адпачынак, для другіх – месца для палявання, а для яго, Антона Шумскага, – месца працы. Ён бачыць, як ажывае і напаўняецца водарам лес вясной, які ён шумлівы ўлетку, задуменны і мудры – восенню, заснежаны і грозны – у час завірух і мяцеліц. Для яго лес усё: і праца, і мары, і бачнае, і нябачнае жыццё, і роздум, і вядома ж, любоў – вялікая і светлая.
“Любіць лес, сынку, – гэтага мала, – казаў некалі бацька. – Трэба аддаваць яму сваю душу, прыкласці рукі, жыць лесам. Толькі тады ты зможаш зразумець, хто ён для цябе…”
Даўно былі сказаны гэтыя словы, даўно ўжо няма і бацькі. А ён, Антон, як сёння памятае той цёплы майскі дзень 44-га, калі гвардыі капітан Шумскі, цяжка паранены пры штурме горада-крэпасці Пілау, вярнуўся дамоў і, крыху загаіўшы раны, пайшоў працаваць лесніком. Вось тады дзесяцігадовы Антосік, як зваў яго бацька, і прыліп да бацькавай справы. Санітарныя высечкі, асвятленні, нарыхтоўка драўніны, пасадкі саджанцаў – ва ўсім гэтым удзельнічаў і Антон. Але больш за ўсё хлопчыку падабалася садзіць маленькія елачкі і сасёнкі.
У адзін з вераснёўскіх дзён Антон захварэў, прастудзіўся, жар зваліў яго, не пусціў у лес. “Сумна мне сёння будзе без цябе, сынку, – сказаў бацька, збіраючыся ў лес. – Але нічога, паляжы пад цёплым кажушком, папі гарбаты з малінкай, пройдзе. Памятай, Шумскія не гнуліся ні ад ран, ні ад хваробы.”
Гэта былі апошнія бацькавы словы. Сотні вёрст прайшоў гвардыі капітан франтавымі дарогамі, кулі і асколкі не шкадавалі яго, да сэрца ледзь не дабраліся, але застаўся жыць. А тут, у двухстах кроках ад хаты, на ўзлеску нямецкая міна, якімі літаральна была нашпігавана зямля, дабіла параненае сэрца камбата.
Даўно гэта было. Але месца гібелі бацькі стала для Антона святым. Ён часта прыходзіў сюды, стаяў перад невялікім пагоркам, увенчаным багатым кустом каліны, па восені ягады, падаючы на белы снег, здаваліся Антону жывымі кроплямі бацькавай крыві.
Пра што ён думаў у гэтыя хвіліны? Пра бацьку, пра жыццё і пра лес, пра тое, чаму ў чалавека часта няма паразумення з прыродай…
З такімі думкамі ён і падышоў аднойчы да Альхоўскага ўрочышча. Агледзеў запруду і хаткі баброў, парадаваўся, што іх ужо не восем, а дванаццаць. Акінуў бліжэйшыя елкі, у гушчары якіх выбрала сабе жытло чорная чапля – рэдкая птушка ў гэтых мясцінах. Вельмі асцярожная і важная, яна, між тым, прывыкла да лесніка і падлятала да яго блізка, каб атрымаць ласунак. Але на гэты раз яна не паспела. Яе спужаў жудасны крык, не падобны ні на чалавечы, ні на звярыны, і чапля, залапатаўшы крыламі, знікла ў гушчары. Праз момант крык паўтарыўся і гулкім рэхам пранёсся па лесе. Што гэта можа быць? Ляснік паспяшыў на крык.
Трагедыя разыгралася на маленькай палянцы. Лясная сава, згледзеўшы зайца-марака, каменем кінулася на яго і схапіла ў кіпцюры. Той рэзка рвануўся, сілячыся вырвацца. Сава кіпцюрамі адной лапы мёртвай хваткай трымала марака, другой жа, спрабуючы ўратавацца, ухапілася за бярозу. Ад моцнага рыўка зайца драпежніцу разарвала. Гэта і быў яе перадсмяротны крык…
Такі суровы закон прыроды: выжывае мацнейшы. Закон ёсць, ён будзе, яго не зменіш. Іншая справа, калі на безабаронных жыхароў лясоў і рэк замахваецца чалавек, і тады ўжо не ўцячы ні палахліваму зайцу, ні магутнаму ласю. І ў памяці Антона ўсплыў адзін з вераснёўскіх дзён, калі супрацоўнікі аховы прыроды раз’ехаліся і разышліся па лесе, цікавячыся, ці многа казуль і ласёў. Грыбоў у той год выдалася багата, і Шумскі здзівіўся, калі сустрэў двух хлопчыкаў з пустымі кошыкамі. Па тварах хлопцаў было бачна, што яны чымсьці перапалоханы. Не адразу, блытаючыся, хлопчыкі расказалі, што наткнуліся на двух незнаёмцаў, якія дзялілі забітага лася. Шумскі загадаў вадзіцелю заглушыць свой скрыпун (так называлі яны старэнькі УАЗік) і быць гатовым да ўсялякіх непрадбачаных сітуацый.
Антон нырнуў у ельнік і, тулячыся за дрэвы, стаў набліжацца да разлапістай яліны, дзе ляжаў забіты лось. Ля яго мітусіліся людзі. У гэты момант цішыню лесу ўзарваў умоўны сігнал “скрыпуна”, і браканьеры, падхапіўшы торбы са здабычай, кінуліся прэч. Антон за імі. Адзін з браканьераў заўважыў яго і на бягу стрэліў. Асіна ўратавала яго, толькі трэска ад дрэва востра секанула па пальцах рукі. Іх затрымалі на ўзлеску…
Разважаючы, Антон трымаў кірунак да маляўнічага месца на крутым згібе ракі Ціна. Яшчэ ў дзяцінстве ён палюбіў гэтыя ціхія мясціны і задуменную рачулку. Але ў апошні час пра гэты цудоўны куток сталі хадзіць дзіўныя чуткі. Пры гэтым людзі ўпаміналі нейкага Ваську-татарына, які быццам бы са сваімі пасобнікамі вылоўлівае ўсё жывое: баброў, лясных куніц, барсукоў, не грэбуе і рыбкай. У тутэйшых вёсках сказалі, што сапраўднае прозвішча Ваські – Татарцаў.
Пачуўшы гэта, Антон ажно задыхнуўся. Ён ведаў аднаго Татарцава па вайсковай службе на Балтыцы, але той, здаецца, не з гэтых месцаў. Хоць і нямала гадоў прайшло, але ён добра памятае таго Васіля Татарцава – дужага, сумленнага і самаадданага хлопца, якому ён, Антон Шумскі, абавязаны сваім жыццём.
Моцны шторм наляцеў нечакана, старшыну 2-й стацці Шумскага змыла з палубы, і ён аказаўся ў бушуючым моры. На выратаванне баявога таварыша кінуўся Вася Татарцаў. Ухапіўшы канат, прымацаваны да корпуса судна, ён кінуўся ў ледзяныя хвалі і выцягнуў Антона.
Не, такі чалавек не можа быць злодзеем, разважаў Антон, крочачы па ціхай вясковай вуліцы. Ад хлопчыка, які вынырнуў невядома адкуль, ён даведаўся, дзе жывуць Татарцавы.
Зычны брэх сабакі паклікаў на двор гаспадара. “Гонар маю, Васіль Татарцаў!” – адрэкамендаваўся ён. Перад Антонам стаяў рослы падцягнуты мужчына. Антон пільна ўглядваўся ў ягоны твар. “Калі не памыляюся, старшы матрос Татарцаў?” – спытаў Антон. “Так і ёсць, былы падводнік Татарцаў Васіль”. “А старшыну Шумскага не пазнаеш, Вася?” – глядзеў Антон на гаспадара, чакаючы, што той успомніць. Той успомніў, кінуўся да Антона ў абдымкі.
У той дзень яны не маглі нагаварыцца. Аказалася, Васіль выязджаў на заробкі. Адсюль – мянушкі: Васька-доўгі рубель, Васька-прыгун. А наконт браканьерства? Едзе ён дамоў, вязе з далёкіх краёў шкуру сібірскай куніцы, альбо пясца. Пасля робіць чучалы, нясе ў заалагічны куток мясцовай школы. Вучні радуюцца, а яму мянушка – браканьер. Але, нічога, стрымае. А вось у адным Васіль моцна вінаваты: не раскусіў знаёмага з горада і паказаў яму той цудоўны куточак, а ён, шэльма, аказаўся нячыстым на руку. І іншамарку купіў…
“Мы схопім яго,” – запэўніў Шумскі сябра і спытаў,  чым ён будзе займацца. “Клічуць на буравую”, – адказаў. “А мо да нас?”, – усміхнуўся Антон. “Не разумею: ты ж, здаецца, вучыўся не за лесніка…” – у сваю чаргу запытаў Татарцаў. “Ведаеш, сэрца пацягнула на родныя абшары, бліжэй да лесу. Любоў да лесу перадаў мне бацька. Разумееш, не проста пацягнула… І не шкадую…”
Яны сядзелі моўчкі. Кожны думаў аб нечым сваім і аб тым, што іх яднала. Урэшце Васіль азваўся: “Ведаеш, я ніколі не быў хлусам. Прыеду. Вярнуся. Адпрацую вахту і праз месяц сарвуся. І тады, як у той песні: “З табой пайду я на край свету…”
Васіль усміхнуўся вядомай Антону татарцавай усмешкай. “А цяпер давай у школу зазірнём, з дзецьмі пагутарым. Паглядзіш, што я панавозіў з Сібіры. Няхай помняць Ваську-браканьера, які ніколі не трымаў у руках паляўнічай зброі…”
Віктар ГУСАКОЎ
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *