В хозяйствах Шумилинского района полным ходом идёт кормозаготовка

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Пра людзей, планы і новы агрэгат ААТ “Лаўжанскае”
Поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў у  ААТ “Лаўжанскае”. Кожны дзень гаспадарка нарыхтоўвае не меней як 600 тон сенажу. Бывае, што гэтая лічба вырастае і да 1000 тон за дзень, гаворыць дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Долгі. Плануе гаспадарка нарыхтаваць і 2 400 тон сена. Сёлета пусцілі ў работу рулонны падборшчык, які адразу ж упакоўвае сена ў плёнку. Такі агрэгат пакуль адзіны ў  нашым раёне. Эканамічны эфект ад яго выкарыстання складае 30%. У дзень такая машына можа збіраць да 100 тон. Такія запакаваныя рулоны можна ўбачыць прама за Мікіціхай ля дарогі. Гаспадарка ўскладае вялікія надзеі на новую машыну, узятую ў лізінг.
Таксама неабходна нарыхтаваць 25 тысяч тон сенажу, 20 тысяч тон сіласу кукурузнага. Плошчы дазваляюць выканаць такія задачы, упэўнены дырэктар. У яго ёсць вялікія спадзяванні на калектыў, механізатараў, што ўжо не першы год спраўна выконваюць пастаўленыя перад імі задачы. А дадатковым стымулам для работы служыць тое, што  за кожную тысячу тон, здадзеную за дзень, ім налічваецца прэмія ў 100 тысяч рублёў на кожнага. А ў месяц гэта – тры мільёны. І гэта, вядома, апроч усіх іншых стымулаў, што гарантаваныя прафсаюзам аграпрамысловага комплексу. Як гарантаваныя рабочым і бяспека працы, і наяўнасць спецадзення, якаснага харчавання. Дарэчы, В. М. Долгі расказаў, што вось-вось пачне працаваць сталовая ў Мікіцісе.
Вячаслаў Міхайлавіч ганарыцца дасягненнямі сваіх механізатараў, што працуюць на нарыхтоўцы кармоў, – Сяргея Новікава, Пятра Бардзюкова, Міхала Шумілы і іншых. Яны праяўляюць на полі  высокую стараннасць, адказнасць, граматны падыход.
***
Міхал Шуміла – вопытны механізатар. “Здаецца, – кажа дырэктар гаспадаркі, – што свой трактар ён рамантуе прама на хаду”.  Яго мабільнасць, аператыўнасць у рабоце дазваляюць яму заставацца лідарам на адвозцы зялёнай масы не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
***
Пётр Бардзюкоў працаваў і на трактары, і на зерневым камбайне. Зараз сеў за руль  «Ягуара-840» і тут таксама паказвае добры вынік працы. Сам упэўнены, што многае ў гэтай справе залежыць ад надвор’я. Механізатару прыемна кіраваць сучаснай машынай, якая забяспечвае камфортныя ўмовы працы. Да прыкладу, 10-тонны прычэп пры добрых умовах ён напаўняе за 10-15 хвілін.
***
Сёлета ўраджай травы добры, упэўнены Сяргей Новікаў, тым больш, што яе ў час падкармілі. За дзень пры норме 8 гектараў, механізатар паспявае скасіць 15-16. Адна цяжкасць – пасля дажджоў на палях гразна, што сур’ёзна замінае рабоце, але і з гэтым спраўляюцца. За свой салідны стаж работы Сяргей Сямёнавіч працаваў на розных агрэгатах, у тым ліку і на касілцы ўжо 6 год.
***
Аляксандр Галуза працуе на адвозцы зялёнай масы і за дзень разоў 10-12 паспявае з’ездзіць да сянажнай траншэі і назад на поле, перавезці 100-120 тон. Вядома, што рабочы дзень механізатара  з 6 раніцы і да цямна. Усе маніпуляцыі, якія прыходзіцца рабіць на полі, адпрацаваныя да аўтаматызму.
***
Корманарыхтоўчая кампанія на Шуміліншчыне працягваецца. Планы і спадзяванні аграрыяў часта карэкціруе надвор’е, але ёсць упэўненасць, што кармы будуць нарыхтаваныя якасныя і ў неабходнай колькасці. Гэтае стратэгічнае пытанне – пад пільным кантролем кіраўніцтва раёна. Пільна сочаць за тэмпамі работ на палях і прафсаюзы. У госці да аграрыяў ААТ «Лаўжанскае», да прыкладу, карэспандэнтаў раёнкі вазіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнавец. Васіль Васільевіч расказаў, што прафсаюзам арганізаваны спаборніцтвы па нарыхтоўцы кармоў. Лепшыя работнікі па выніках першага ўкосу будуць узнагароджаны Падзякамі райкама і грашовымі прэміямі. Работнікі райкама штодня выязджаюць у гаспадаркі, сочаць за выкананнем заканадаўства, захаваннем тэхнікі бяспекі і ўсім тым, ад чаго залежыць камфорт працы механізатараў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *