Актуальное интервью с начальником инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды Г. Н. Киселевичем

Актуалии Экология

У цэнтры ўвагі інспекцыі – матэрыяльныя рэсурсы, зоны адпачынку, парадак на фермах і тэрыторыях
Галоўнай установай, на якую ўскладзена ахова прыроды у нашым раёне, з’яўляецца інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Якія напрамкі дзейнасці інспекцыі найбольш вострыя, актуальныя? Што чакае парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства? Што знаходзіцца ў цэнтры ўвагі супрацоўнікаў інспекцыі цяпер? – гэтыя пытанні мы адрасавалі начальніку раённай інспекцыі Г. М. Кісялевічу.
– Кола нашых інтарэсаў вельмі шырокае і ўсе пытанні актуальныя. Адзначу тыя, над чым працуе інспекцыя цяпер.
У Год беражлівасці асаблівая ўвага другасным матэрыяльным рэсурсам. Пастаянныя праверкі палігонаў і міні-палігонаў па захаванні цвёрдых камунальных адыходаў паказваюць, што ва УП ЖКГ не наладжана сістэмная работа па збору другаснай сыравіны. Не скажу, што яна не вядзецца наогул, работа вядзецца, але нерэгулярна. Збіраюцца і пластык, і папера, і метал і іншыя адыходы, але апошняя праверка міні-палігонаў Бунцікі, Кардэкі, іншых выявіла наяўнасць несабранага кардону, паперы, пластыкавых бутэлек, іншых другасных рэсурсаў.
У цэнтры нашай увагі і водакарыстанне. Сёння вада ператварылася ў важнейшы сусветны рэсурс. Хутка вада будзе даражэй за нафту. А адносіны некаторых кіраўнікоў і спецыялістаў да гэтай каштоўнасці, прама скажам, халатныя. У сельскагаспадарчых прадпрыемствах няма аўтаматыкі на водазаборах і калі воданапорная вежа напаўняецца, то вада льецца з яе часам па некалькі гадзін. А гэта яшчэ і расходаванне электраэнергіі. Такая сітуацыя пастаянна назіраецца ў “Ляжнях”, “Мішневічах”, “Прыазёрным міры”, “Лаўжанскім”, за што службовыя асобы неаднойчы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.
Застаецца ў цэнтры ўвагі інспекцыі – барацьба з баршчэўнікам. Нельга дапусціць такой сітуацыі, якая цяпер існуе вакол Віцебска, калі баршчэўнік захапіў дзясяткі гектараў. У Шумілінскім раёне даволі вялікія плошчы баршчэўніку ёсць на тэрыторыі ААТ “Лаўжанскае” – у Латкове, Мікіцісе, уздоўж “старой полацкай дарогі”, на іншых тэрыторыях. За такую сітуацыю ААТ “Лаўжанскае” было аштрафавана на 10 базавых велічынь.
Не губляе сваёй актуальнасці праблема вывазу арганікі на фермах у сельгаспрадпрыемствах. Дарэчы, у большасці гаспадарак арганічныя ўгнаенні вывозяцца ад ферм і складзіруюцца. Але ёсць асобныя фермы ў былым “Ульскім”, “Мішневічах”, адкуль гной не вывозіцца наогул, ён расплываецца, і гноевыя сцёкі трапляюць у ручаі і рэкі. Па гэтай прычыне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты і юрыдычныя, і службовыя асобы, але зрухі не вельмі значныя. Таму пытанне застаецца на кантролі.
Трымаем на кантролі і добраўпарадкаванне зон адпачынку. Так, сёлета дабавілася для адпачынку возера Разван, добраўпарадкаванне якога было даручана ДРБУ-204. Але там нічога не зроблена для добрага адпачынку жыхароў раёна.
Хутка ягадны сезон. Чарніцы пачнуцца ўжо праз некалькі дзён. Нагадаю жыхарам раёна, што збор ягад з дапамогай розных прыстасаванняў, “камбайнаў” забаронены і будзе жорстка карацца. Штрафы за выкарыстанне падобнай “тэхнікі” вялікія. Патрабуецца некалькі гадоў, каб чарнічнік адрадзіўся пасля такога збору ягад. Ягаднікі – усеагульнае багацце і знішчаць іх варварскімі спосабамі збору нікому не дазволена.
Не пакінем па-за ўвагай і водаахоўныя зоны. Разам з ДАІ будзем трымаць на кантролі паводзіны аўтамабілістаў у водаахоўных зонах. Нельга зразумець і асобных адпачываючых, пасля якіх застаюцца сметнікі. Ці прыемна адпачываць самім, калі навокал раскіданае смецце? Так, на Шумілінскім возеры стаяць кантэйнеры, тым не менш работнікам ЖКГ там прыходзіцца пастаянна прыбіраць і вывозіць груды смецця.
На парадку дня – праверкі тэрыторый прамысловых прадпрыемстваў. Ёсць прыклады, калі тэрыторыі дагледжаныя, добраўпарадкаваныя. Чаго нельга сказаць пра тэрыторыю ПМК-70, былой райсельгасхіміі, базы мінеральных угнаенняў райаграсэрвісу, некаторых іншых.
Усе акрэсленыя пытанні планавыя, рабочыя. Інспекцыя працуе па ўсіх накірунках, стаіць на варце дзяржаўных інтарэсаў у адпаведнасці з патрабаваннямі прыродаахоўнага заканадаўства.
Гутарыў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *