Как дети отдыхают в спортивном лагере «Старт»

Общество Спорт

Старт для будучых чэмпіёнаў
“Кожныя канікулы ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе працуе спартыўна-аздараўленчы лагер “Старт”, – расказвае дырэктар школы Леанід Цырулік. – Летам у “Старце” дзве змены па 40 чалавек, ад 9 да 14 год. Падчас работы лагера нашы трэнеры-выкладчыкі становяцца выхавацелямі”.
Для дзяцей падрыхтавана насычаная праграма. Як і ў любым лагеры, багата розных забаўляльных мерапрыемстваў, пазнавальных экскурсій. Праўда, спартыўна-аздараўленчы лагер мае сваю спецыфіку. Сюды ідуць дзеці не толькі каб аздаравіцца і весела правесці час, а і для спартыўнага росту. Таму штодзень у лагеры праходзяць валейбольныя трэніроўкі, а для старэйшых адпачываючых – двойчы на дзень. Часта праходзяць і таварыскія сустрэчы, так, напрыклад, у чэрвені паспелі сыграць у валейбол супраць віцяблян і ў піянербол у лагеры “Дружба”.
– Як адпачываецца і што цікавага ў “Старце”? – з такім пытанне звярнуліся мы да дзяцей.
Уладзіслаў Шэкін:
– У лагеры “Старт” я адпачываю ўжо чатыры гады. Мне падабаецца, бо сам займаюся і люблю валейбол. А тут кожны дзень трэніроўкі. Ды і сябры мае тут. Акрамя трэніровак мы ездзім у Віцебск, Бешанковічы, Полацк, Лётцы, таварыскія гульні па валейболе, а заадно – і на экскурсіі. Адным словам, сумаваць тут не прыходзіцца
Лізавета Лапіч:
– У “Старце” я ў шосты раз. Не люблю сядзець на месцы, таму і падабаецца менавіта спартыўны лагер.  Дарэчы, адпачынак у “Старце” ў нас справа сямейная: мая маці, калі вучылася ў школе, пастаянна адпачывала летам тут.
Аляксандр Лабачоў:
– Я тут упершыню. Параілі сябры-аднакласнікі. Я рады, што трапіў сюды. Надоўга запоўню, як мы ездзілі на возера. А яшчэ мне падабаецца тут абед, пасля якога амаль кожны раз даюць шакаладку.
Ірына Варанцова:
– А я з гумарам адкажу на пытанне. Надакучылі высокія абцасы і строгае адзенне. А ў спартыўным лагеры ім не месца, таму і люблю гэты лагер. Прычым любоў у мяне выпрабаваная часам: у лагеры адпачываю пяты год.
Аляксандр Шчамялёў:
– Я першы раз у спартыўным лагеры. Параіла пайсці сюды мой трэнер па валейболе Любоў Васільеўна Бабова. На трэніроўцы яна сказала, што ў лагеры будзе не толькі весела, а і карысна. Мы шмат гуляем у валейбол, шмат трэніруемся. Летам у нас многа вольнага часу, які можна аддаць любімаму віду спорту – валейболу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *