Криминал. Происшествия

Происшествия

Газавая пліта
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася пенсіянерка з в. Жданоўка і паведаміла, што яе дом абрабавалі. Невядомыя злодзеі вынеслі з дома  газавую пліту і газавы балон, электралічыльнік. Урон, нанесены пацярпелай, складае 2,5 мільёна рублёў. Шумілінскім аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.
Грошы
Жыхар Обалі пакінуў на агароджы сваю куртку, у кішэні якой знаходзілася амаль два мільёны рублёў. І за сваю неабачлівасць паплаціўся – нехта грошы прыбраў да рук. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцу, ім аказаўся мясцовы жыхар. Супраць яго  Шумілінскім аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.
І зноў пра  крадзеж грошай у Обалі. На гэты раз у РАУС звярнулася пенсіянерка, якая расказала, што разам са знаёмым распівала спіртныя напіткі ў сваёй кватэры. А пасля гулянкі ўбачыла, што зніклі 1,2 мільёна рублёў. Частка ўкрадзеных грошай знойдзена і вернута гаспадыні. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Азірнуўся – колаў няма
Жыхар а.-г. Слабада  на некаторы час пакінуў свой веласіпед на абочыне дарогі ў вёсцы. Прыйшоў – а веласіпед ляжыць без колаў і ланцуга. Урон, нанесены гаспадару, складае амаль 400 тысяч рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Самагон
Супрацоўнікамі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС  складзены два адміністрацыйныя пратаколы на жыхароў раёна, якія выраблялі самагон і брагу. У ходзе вобыску было канфіскавана 200 літраў самагоннай брагі. Яе гаспадарам пагражае штраф да 5 базавых велічынь. Калі ж у гэтых гаспадароў будзе знойдзена брага ці самагон паўторна, то ім пагражае штраф да 30 базавых велічынь.
На мапедзе
Супрацоўнікі ДАІ на вуліцы Юбілейнай, што ў Шуміліне, затрымалі жыхара райцэнтра на незарэгістраваным мапедзе “Карпаты”. Да таго ж, мужчына быў яшчэ ў стане алкагольнага ап’янення і не меў пры сабе правоў кіравання. Складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў, мужчына выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Задні ход
Жыхар райцэнтра пры руху заднім ходам наехаў на легкавушку, што стаяла ззаду і пашкодзіў яе, а потым збег з месца ДТЗ. Але неўзабаве быў знойдзены супрацоўнікамі ДАІ. Мужчыну пагражае штраф да трох мільёнаў рублёў або пазбаўленне правоў кіравання да двух гадоў.
На хуткасці
Жыхар Обалі, які прыехаў у Шуміліна, ліха пранёсся на сваім “Пежо” па вуліцах райцэнтра – перавысіў тут хуткасны рэжым ажно на 25 кіламетраў у гадзіну. Як высветлілася, мужчына раней прыцягваўся да адказнасці за такое ж правапарушэнне. Цяпер яму пагражае штраф да 1,5 мільёна рублёў або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў да аднаго года.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *