В Шумилинском районе перезахоронили остатки пяти воинов Великой Отечественной войны

Актуалии Векапомнае Общество

“Гасподзь ведае іх імёны”
21 чэрвеня, напярэдадні 72-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 69-й гадавіны з дня вызвалення раёна ад фашысцкіх акупантаў на брацкіх могілках у Тропіне (Сіроцінскі сельсавет) прайшло перапахаванне астанкаў салдат Чырвонай Арміі, загінуўшых у гады вайны.
У ходзе правядзення пошукавых работ сіламі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна былі паднятыя астанкі двух невядомых салдат у вёсцы Грышаны Сіроцінскага сельсавета, астанкі трох невядомых салдат былі знойдзены жыхаром вёскі Мікалаёва У. М. Курганавым.
“Для нашага раёна ўжо традыцыйна, што мясцовыя жыхары інфармуюць пошукавы батальён аб знаходжанні астанкаў воінаў, што праводзяцца іх перапахаванні. Мала надзеі, што некалі мы даведаемся імёны гэтых салдат, але самае галоўнае тое, што зараз яны з воінскімі ўшанаваннямі ўрачыста будуць перапахаваны. І для гэтых канкрэтных пяці абаронцаў Радзімы вайна нарэшце скончыцца, – выступаў на жалобнай цырымоніі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. – У нашым раёне загінула больш за 10 тысяч воінаў, больш за 2 тысячы партызан, больш за 800 чалавек выгналі ў Германію. На жаль, імёны многіх – невядомыя”.
Штогод на тэрыторыі нашага раёна сапёрамі воінскіх часцей  абясшкоджваюцца да ста адзінак боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, выяўляюцца няўлічаныя воінскія пахаванні. Толькі за апошнія пяць год агульнымі сіламі раённых уладаў, ваеннага камісарыята і пры актыўным садзейнічанні насельніцтва былі ўстаноўлены шэсць няўлічаных пахаванняў з 20-ю астанкамі воінаў Чырвонай Арміі. Усе яны ўрачыста перапахаваныя. Удалося ўстанавіць асобы васьмі воінаў, пахаваных у аграгарадку Мішневічы.
“Не страціць сваіх  маштабаў пошукавая работа і далей, – даў абяцанне мясцовым жыхарам, дэлегацыям ад працоўных калектываў, прадстаўнікам грамадскіх арганізацый, вучням і пенсіянерам – усім, хто сабраўся на брацкіх могілках у Тропіне, ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі. – Кім яны былі, дзе нарадзіліся, які жыццёвы шлях прайшлі да моманту гібелі на шумілінскай зямлі, мы, на жаль, ужо не даведаемся. Аднак абсалютна дакладна можна сказаць, што гэта былі людзі, адданыя сваёй Айчыне, якія ўсталі на абарону са зброяй у руках і далі дастойны адпор ворагу коштам свайго жыцця”.
Горыччу і смуткам былі напоўнены выступленні ўсіх, хто браў слова на мерапрыемстве. “Гасподзь ведае іх імёны”, – заўважыў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй айцец Фёдар Пучынскі. Прадстаўнікі царквы правялі жалобны абрад пахавання. Труны з астанкамі воінаў нарэшце апусціліся ў зямлю. Кожны кінуў услед тры сімвалічныя жменькі зямлі. Яшчэ на адзін памятны знак з надпісам “Вечная памяць воінам, якія загінулі ў баях за Радзіму” на Шуміліншчыне стала больш. На свежую магілу ляглі вянкі і кветкі, птушкі сарваліся з дрэваў пад гукі ўрачыстых залпаў. Людзі змахвалі слёзы, ваенныя прайшлі ўрачыстым маршам, раўняючыся на герояў вайны.
Мірнае жыццё працягваецца. Дзякуючы гэтым пяці салдатам, дзякуючы ўсім, хто ляжыць сёння ў зямлі, вядомым і невядомым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *