А шумилинские общежития донашивают то, что есть

Актуалии Общество

Інтэрнат – жыллё спецыфічнае

Інтэрнат – жыллё спецыфічнае. Гэту спецыфіку вызначаюць некалькі нюансаў. Па-першае, інтэрнат – часовы прытулак для людзей, якія на свае квадратныя метры пакуль не ўзбіліся. І тут ключавое слова – “часовы” з усімі выцякаючымі вынікамі.

Па-другое, як бы там ні было, але гэта паўнацэннае жыллё, якое патрабуе адпаведнага догляду: уборка, захаванне шматлікіх санітарных нормаў, адпавяданне правілам пажарнай бяспекі, бягучы і капітальны рамонт. Але ж прадпрыемствы, на балансе якіх знаходзяцца шумілінскія інтэрнаты, не заўжды могуць забяспечыць усё неабходнае, дабіцца таго, каб і такое жыллё адпавядала часу. І гэта ўжо па-трэцяе.
30-40 гадоў таму, калі раён інтэнсіўна развіваўся, калі маладыя кадры былі запатрабаваны вытворчасцю, інтэрнаты з’яўляліся як жыццёвая неабходнасць. Вядома, сёння цяжка сабе ўявіць, што тое ці іншае прадпрыемства возьмецца будаваць інтэрнат для сваіх работнікаў, але і давесці тое, што ўжо ёсць, да стану, які б не выклікаў нараканняў, не заўжды і не ва ўсіх атрымліваецца. Гэта паказаў рэйд, які па распараджэнні старшыні райвыканкама Аляксандра Снарава нядаўна быў здзейснены па інтэрнатах Шуміліна. Прадстаўнікі райвыканкама, УП ЖКГ, РАУС, РЦГЭ разам з камендантамі і адказнымі за парадак у інтэрнатах пабывалі ў гэтых будынках і зрабілі некаторыя вывады.
Трэба агаварыцца, што калі параўноўваць сённяшнюю сітуацыю з тым, што было яшчэ нейкіх  гадоў дзесяць назад, то нельга не прызнаць істотныя зрухі да лепшага. Сёння ўжо не ўсплываюць пытанні з жыльцамі, якія незаконна займаюць пакоі, што, напрыклад, пабудавалі сабе кватэры, а метры ў інтэрнаце здаюць за грошы іншым. Супрацоўнікі РАНС даўно навялі парадак з месцамі агульнага карыстання: знятыя пытанні з захламленасцю кухань, падсобных памяшканняў, калідораў, функцыянуюць усе запасныя выхады, усе інтэрнаты абсталяваны пажарнымі сігналізацыямі. У плане правапарадку інтэрнаты даўно “не ўсплывалі” як месцы напружанай крымінагеннай абстаноўкі. Многія будынкі абсталяваны кодавымі дзвярыма. Нейкай крытычнай сітуацыі з аплатай жыльцамі камунальных паслуг таксама няма. Усюды ідзе рэгулярная ўборка памяшканняў агульнага карыстання, ёсць актуальныя інфармацыйныя стэнды. Гэта сапраўды так і сведчыць пра тое, што інтэрнатамі займаюцца, і з поля зроку гэта жыллё не выпадае. Але і тое, што гэтага недастаткова, таксама відавочна.
Асабліва востра прасачыць, што інтэрнаты не дацягваюць да звання сучаснага камфортнага жылля, можна на прыкладзе інтэрната УП ЖКГ па вуліцы Кароткіна. Справа ў тым, што ў адной палове будынка, дзе было вырашана зрабіць гасцінічныя нумары, ужо заканчваецца сучасны рамонт, а другая палова засталася некранутай. Утвораны такім чынам кантраст пакідае адчуванне, што машына часу існуе, і ты ёй толькі што пакарыстаўся. Абшарпаныя сцены, стаптаная да дзірак падлога, страшныя дзверы, нейкая цьмянасць на мяжы з беспрасветнасцю. “У пакоях жыльцоў усё прыгожа і ўтульна, адрамантавана”, – заўважае камендант Алена Тэкліна. Але агульнага ўражання гэта інфармацыя не выпраўляе. “На ўсё патрэбны грошы”, – рытарычна дадае намеснік дырэктара УП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце Таццяна Лявонава. І наогул, гэта самы распаўсюджаны і пераканаўчы аргумент, пра што б ні ішла гаворка. Лішніх грошай ні ў каго няма. Няма і рамонтаў. “Даношваем” тое, што ёсць. І добра, калі жыльцы беражліва ставяцца да свайго, хоць і часовага, але дома.
Вядома, што калі гаворка ідзе пра дах над галавой, калі чалавеку проста няма дзе жыць, нейкія нюансы, звязаныя з камфортам, можна і не ўлічваць. Але, згадзіцеся, усяму ёсць нейкая разумная мяжа. І інтэрнат прадпрыемства меліярацыйных сістэм па вуліцы Лескавіцкай яе даўно перайшоў. Колькі год таму фасад будынка быў адрамантаваны, але ад гэтага выйграў толькі інтэр’ер горада, а ніяк не людзі, якія жывуць у інтэрнаце. Можна нават не прыводзіць той доўгі спіс прэтэнзій, якія прад’яўлены памяшканням будынка санітарнай службай, а ўразіцца толькі тым, што сёння ў гэтым інтэрнаце  “не абсталяваны асобныя для мужчын і жанчын санітарныя вузлы”. Прасцей кажучы, на цэлы калідор – адзін туалет. Усё сантэхнічнае абсталяванне інтэрната зношанае, гарачая вада адсутнічае. Відавочна, што трэба шукаць выхад з такой сітуацыі нават нягледзячы на тое, што работнікаў ПМС у інтэрнаце жывуць адзінкі.
Многія маладыя спецыялісты і сем’і ў свой час жылі ў інтэрнатах. Гэта жыллё надзвычай запатрабавана і сёння, асабліва калі гаворка ідзе пра замацаванне кадраў у раёне, пра магчымасць прадаставіць маладым дах над галавой. І нават у гэтым сэнсе важна прывесці гэта жыллё ў парадак, а то можна і спужаць якога асабліва ўразлівага маладога спецыяліста і прама на ўваходзе адбіць усялякае жаданне звязваць свой лёс з Шумілінскім раёнам. Дарэчы, рэйд устанавіў наяўнасць двух свабодных памяшканняў у адным з інтэрнатаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *