День информирования провели в организациях района информационные группы райисполкома

Актуалии Общество Президент

Чуму не падпускаем, вытворчасць развіваем

19 верасня ў рэспубліцы прайшоў дзень інфармавання насельніцтва. Абмяркоўваліся тэмы: “АЧС – небяспечная, вірусная і заразная…” і “Рэспубліканская акцыя “Дзень без аўтамабіля”. Інфармацыйна-прапагандысцкая група №1 на чале з кіраўніком раёна У. П. Куранным працавала ў Мікіціхінскай СШ.
“У Шумілінскім раёне афрыканскай чумы свіней няма, – адразу заспакоіў прысутных Уладзімір Пятровіч, – было падазрэнне, што захварэлі свінні ў гаспадара з Грудзінава, правялі экспертызу, аказалася, што ў іх была зусім іншая хвароба”. Тым не менш меры перасцярогі захоўваць трэба. І не толькі на вытворчасці (на нашым свінагадоўчым комплексе, расказаў, і камар не праляціць), але і дома, бо хвароба, сапраўды страшная. Ідзе ў раёне і знішчэнне пагалоўя дзікоў (адстрэлена ўжо амаль трэць) – патэнцыяльных разносчыкаў чумы. Старшыня райвыканкама палічыў неабходным расказаць пра прыкметы хваробы, пра тое, што трэба рабіць, калі свіння паводзіць сябе непрывычна.
Шмат гаварыў У. П. Куранны пра сацыяльна-эканамічнае становішча рэгіёна, пра напоўненасць бюджэту, пра расходы, якія выраслі. Галоўная стаўка кіраўніцтва раёна – на ўмацаванне і развіццё вытворчай сферы. Гэта дазволіць папаўняць бюджэт, адкрываць новыя працоўныя месцы, павышаць зарплату, а значыць, паляпшаць дэмаграфічную абстаноўку, і наогул вывесці жыццё ў рэгіёне на новы ўзровень. Вялікія спадзяванні ў гэтым сэнсе на Обальскі керамічны завод, які нацэлены на глабальную мадэрнізацыю.  У перспектыве буйнейшае прадпрыемства раёна будзе выпускаць на пяць мільёнаў долараў прадукцыі за год. Тое, што мадэрнізацыя вымусіць правесці скарачэнне кадраў, кіраўніцтва раёна не пужае, бо, паабяцаў Уладзімір Пятровіч, працаваць і зарабляць добрыя грошы будзе дзе.
Шмат гаварыў старшыня райвыканкама пра новыя прадпрыемствы, якія ўжо працуюць ці хутка пачнуць сваю работу ў нашым раёне. Перспектыўныя дрэваапрацоўчая вытворчасць, вытворчасць  пластыкавай тары, вытворчасць кавы, прыдарожны сэрвіс, агратурызм і многае іншае. Галоўнае, каб людзям у раёне было камфортна жыць, каб выпускнікі навучальных устаноў вярталіся ў раён і тут прымянялі свае здольнасці і веды. Абяцаў басейн, выказаў надзею, што за наступны год нам удасца дабудаваць царкву.
Выступалі ўсе ўдзельнікі групы, якія арыентавалі вучняў (на сустрэчы акрамя педагогаў прысутнічалі і старшакласнікі школы) паступаць на тыя спецыяльнасці, якія востра запатрабаваныя ў раёне, абяцаючы ў сваю чаргу, даплачваць да стыпендыі і забяспечыць дастойным месцам працы пасля вучобы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

У Лескавічах пытанні былі…
Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, у рамках Дня інфармавання насельніцтва правяла сустрэчу з калектывам Шумілінскай раённай гімназіі.
Інфармацыі па парадку дня – пра афрыканскую чуму свіней і рэспубліканскую акцыю “Дзень без аўтамабіля” – давёў прысутным член групы, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч. Больш падрабязна, асабліва па першым пытанні, спынілася ў выступленні І. М. Новікава. Ірына  Мікалаеўна адзначыла, што нельга не звяртаць увагі на стано-вішча, якое склалася з гэтым у краіне, проста злачынна ігнараваць правіламі бяспекі. Праблема не мінула: зараз ідзе ўборка кукурузы, засталіся, напэўна, кавалкі зямлі з неабмалочаным збожжам. Гэта прынада для дзікоў, таксама разносчыкаў небяспечнага вірусу.
Па рабоце профільных галін выступілі намеснік начальніка УП ЖКГ У. П. Воранаў, начальнік раённага вузла электрасувязі Ю. Р. Маскалькоў.
З залы паступіла нямала пытанняў. І па хвалюючай па-ранейшаму тэме афрыканскай чумы свіней, і па воданапорнай вежы ў Лескавічах, з якой пастаянна льецца вада. Пра якую эканомію можна весці гаворку? У. П. Воранаў адказаў: раней узровень напаўнення вежы “кантралявала”  электроніка, сёння кожны дзень уключае і адключае ваду чалавек. Так што праблем быць не павінна. “Чаму не завозіцца ў наш магазін смятана рознай тлустасці? – задаюць пытанне. – Завозяць самую тлустую, 27%. Няма выбару”. Няма, нават у Шуміліне, у “гіпермаркеце”, у канцы працоўнага дня.
Шмат пытанняў прагучала да Ю. Р. Маскалькова. Гаворка ішла аб правадным радыё, аб тым, што зусім звузіўся радыус праслухвання раённага радыё. Гаварылі аб прыёмніках з УКВ –хвалямі, якіх у продажы пакуль што няма, пра сацыяльную абарону маламаёмных  слаёў насельніцтва.
Па заканчэнні сустрэчы на прыём да І. М. Новікавай папрасілася адна з выкладчыц гімназіі. “Што можна зрабіць, каб аблегчыць жыццё людзей, якія жывуць у так званым залінейным раёне Шуміліна?” – спытала жанчына. Гаворка – пра чыгуначныя пуці, праз якія цяжка прайсці, калі стаяць грузавыя цягнікі. Іх не расчэпліваюць, а падлазіць пад вагоны страшна. “Ці можна абсталяваць як-небудзь дарожку паўз пуці з тым, каб   абыходзіць састаў?..” – такое вось пытанне. І, трэба сказаць, даволі слушнае.
Наогул гаворка падчас сустрэчы  адбылася зацікаўленая і дзелавая.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *