Проблемы сельской торговли

Сельское хозяйство Экономика

Палова стаўкі – палова ўвагі?..
Дзве бабулі чакалі машыну, якая павінна была прывезці хлеб і малако. На двары разгараўся спякотны дзень, а ў мясцовай краме (не паднімаецца рука назваць гандлёвую кропку ў вёсцы Цаўі Лаўжанскага сельсавета  магазінам) стаяў утульны халадок. Жанчыны, убачыўшы мужчыну з нататнікам і ручкай, а пасля згледзеўшы на вуліцы аўто з надпісам “Прэса”, адразу атакавалі пытаннямі:
– Скажыце, чаму нас крыўдзяць? Што яны зрабілі з магазінам? Перавялі яго на работу праз дзень. У суботу выхадны, нядзеля ўрэзаная. Дзе клопат пра чалавека? Лета, панаязджала да нас унукаў – дзе ім купіць марожанага? Бегчы ў Мікіціху, за 8 кіламетраў?..
Прадавец, Л. У. Паўлючэнка маўчала, давала выгаварыцца пакупнікам. Пасля і яна падключылася, узялася тлумачыць сітуацыю:
– Два месяцы як перавялі мяне на палову стаўкі. Кажуць, не даём прыбытак. Сумна неяк… Усю зіму на паліцах была садавіна і гародніна. Людзі не маглі нацешыцца. Дзякуй Алене Івановай са склада, яна нас песціла. І сёння ляжаць яблыкі, грушы. Тавараў нямала і людзі ідуць. То на сенажаць збіраюцца, то даяркі прыйдуць. Ды і дзеці…
План магазіну ў Цаўях на месяц  – 40 мільёнаў рублёў. Ён не выконваецца.  Прадавец Л. У. Паўлючэнка гартае сшытак з запісамі: за сакавік выручку давяла да 31 мільёна, за май жа (пры “ўрэзаным” рэжыме работы) яна склала 33 мільёны. Адсюль і нізкая зарплата прадаўца: пры поўнай стаўцы яна была 1 мільён 300 тысяч. Зараз у яе  палова стаўкі, вось і лічыце. Цяжка ўявіць, як чалавек  жыве з такім заробкам?..
В. Ф. Волкава, адна з жанчын, што чакалі машыну з таварам, прасіла ўмольна:
– Пазваніце каму трэба, каб магазін працаваў, як і раней…
Шкада людзей, якім новы рэжым работы вясковай крамы яўна недадаў аптымізму. У Лаўжанскім сельсавеце падлічылі: у ахопе абслугоўвання магазінам Цаўі жыве звыш 50 чалавек. Праўда, у некаторыя вёсачкі  заязджае аўталаўка, якая, між тым, багаццем асартыменту тавараў не вызначаецца. Таму людзі часта   ідуць у краму, што ў Цаўях. Так лічаць і ў мясцовым сельсавеце.
Ёсць іншы нюанс, які не ўлічваць проста нельга.  Вёска бяднее на людзей, яшчэ больш балюча, што яна старэе. Асабліва такія вёсачкі, як Крыцкія, Лабатка, Станіславова, ды і ў саміх Цаўях пражывае ўсяго 24 чалавекі. Летам жыццё трохі бруіцца – за лік дачнікаў і дзяцей з гарадоў, а што будзе  зімой?.. Таму час  няўмольна дыктуе свае законы. Законы эканамічныя: для кааператыўнага гандлю раёна магазін гэты стратны.  Па словах намесніка старшыні праўлення  райспажыўтаварыства па гандлю І. А. Паграбняка,  за красавік, калі магазін працаваў пад поўную нагрузку, страты склалі недзе 5 мільёнаў. Скажам прама, не надта пераканаўчая лічба.
І яшчэ. Як нам паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, па новых патрабаваннях у магазіне, дзе гандлююць гарэлкай, павінна быць наладжана відэаназіранне. Не ўяўляю чамусьці відэакамеру ў краме ў вёсцы Цаўі. У Мінску, нават у Шуміліне магу ўявіць, а там – ніяк. Відаць, улады шукаюць проціяддзе ад крадзяжоў у вясковых крамах…
Гэтыя 5 мільёнаў за месяц, а яшчэ сродкі на відэаназіранне (не менш 10 мільёнаў) і прывялі да  адступлення ў Цаўях – прыкрага, няёмкага, але на гэты час вымушанага. Не здзівімся, калі наогул магазін у Цаўях праз некалькі гадоў зачыняць і сюды двойчы ці тры разы на тыдзень будзе прыязджаць аўталаўка.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №50 за 28.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *