На сессии районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Калі глядзець у корань праблемы
25 чэрвеня адбылася чарговая 34-я сесія раённага Савета дэпутатаў. У рабоце сесіі прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шэдзько, старшыня райвыканкама У. П. Куранны, першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях С. П. Шавяка.
Размова на сесіі ішла пра папярэджванне гібелі і траўматызму людзей на пажарах і пры іншых надзвычайных здарэннях, а таксама пра барацьбу са злачыннасцю і прафілактыку правапарушэнняў. Пытанні цесна ўзаемазвязаныя, яны закранаюць кожнага з нас, і таму абмеркаванне атрымалася жывым і цікавым.
Безумоўна, у раёне шмат робіцца ў гэтых накірунках, аб чым далажылі начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў і начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. В. Мядзвецкі.  Для выканання задач задзейнічаны не толькі дзяржаўныя органы, але і грамадскасць, праводзіцца мноства прафілактычных мерапрыемстваў, кантрольных праверак.
Але канстатаваць, што мы зрабілі ўсё і ў раёне няма ахвяраў пажараў, няма правапарушэнняў, на жаль не можам.
Не можам і не бачыць, што прычынай абсалютнай большасці злачынстваў, гібелі на пажарах з’яўляецца алкаголь.
Якімі бяскрыўднымі здаюцца спачатку 50 грамаў беленькай і 100 чырвоненькага, і чым гэта абарочваецца потым!
Намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях С. П. Шавяка прывёў такую лічбу: сёлета Віцебская вобласць страціла 74 чалавекі, якія загінулі на пажарах, патанулі ў вадаёмах. Больш 80% з іх былі п’яныя.
Старшыня Обальскага сельскага Савета дэпутатаў М. А. Будневіч паведаміў, што каля 20% жыхароў сельсавета можна аднесці да групы рызыкі і запісаць у нядобранадзейныя.
Няхай адкінем ад гэтай колькасці тых, у каго разваліліся печкі ці састарэла электраправодка. На рашэнне гэтых пытанняў бюджэт знойдзе грошы, знойдуцца і спецыялісты. Свае ці з Бешанковіцкага раёна, няважна. А вось што рабіць з п’яніцамі, якім у алкагольным дурмане лёгка ўсё: красці, рэзаць адзін аднаго, гарэць на пракураным тапчане? Куды іх? За дрот? Дык дроту ўжо не хапае, і лячэбна-працоўныя прафілакторыі не панацэя. Што ж тады?
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава выказала перакананне, што толькі пераасэнсаваўшы нашы ўласныя адносіны да алкаголю і яго наступстваў, можна гаварыць пра сапраўдную барацьбу з гэтым сацыяльным злом. Трэба працаваць па ўсіх накірунках, рабіць усе магчымае, што нам па сілах, зазначыла Ірына Мікалаеўна. Напрыклад, абагульніць слушныя прапановы дэпутата раённага Савета Т. М. Цімашэнка, сярод якіх змяншэнне гандлёвых кропак, гандлюючых спіртным, прапанова прадаваць алкаголь асобна ад іншых прадуктаў, не прадаваць спіртное п’яным асобам і лю-дзям, якім не споўніўся 21 год.
Гэтыя прапановы вартыя ўвагі, дапоўненыя,  яны стануць наказам дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шэдзько для далейшага абмеркавання ў Парламенце.
Галоўнае, не быць абыякавымі, падагуліў гаворку старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч перакананы, што на канкрэтнай тэрыторыі па сілах старшыні сельсавета, старшыні гаспадаркі, участковаму інспектару, па сілах ўсім нам весці бескампрамісную барацьбу. І выйсці ў гэтай барацьбе пераможцамі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №50 за 28.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *