Выездной суд в Светлосельском лишил недобросовестную мать родительских прав

Общество

Пазбавіць бацькоўскіх правоў
У будынку Светласельскага сельвыканкама прайшоў выязны суд, на якім разглядалася пытанне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў грамадзянкі С.
25-гадовая жанчына з аграгарадка Светласельскі нарадзіла трох дзяцей (старэйшаму з іх – шэсць годзікаў, апошні нарадзіўся сёлета). Але пра выхаванне дзяцей не клапацілася.
На суд С. спазнілася, патлумачыла, што ездзіла ў Віцебск кадзіравацца. Адразу на судзе жанчына пачала расказваць, якая яна добра маці. Яна ж і закадзіравалася, і на працу ўладкавалася, і ў Добрыне зняла камерцыйнае жыллё, робіць там рамонт… Ну, проста ідэальная маці, якая зусім не разумее, чаму ж у яе забралі дзяцей!..
Праўда, у гэтыя “казкі ад С.” на судзе мала хто паверыў. Яна іх ужо не ў першы раз расказвае. Так, у 2007 годзе жанчына нарадзіла, а ў 2008 годзе малога забралі ў Дом дзіцяці; у 2010 зноў нарадзіла, а ў 2011 дзяцей зноў забралі. Такая ж карціна паўтарылася і сёлета.
На судзе С. не магла растлумачыць свае “гастролі”. Жанчыну вельмі цяжка знайсці: яна то там жыве, то там. На самой справе, жыве яна там, дзе ёсць спіртное. Часам дзетак з сабой цягала, а бывала пакідала іх у бацькоў, якія любяць злоўжываць спіртным. З’ехала неяк са сваім сужыцелем у Бешанковіцкі раён, дзе пажылі месяц ды зноў вярнуліся на Шуміліншчыну. Расказвала жанчына пра свае пераезды, пра тое, як спрабуе пабудаваць сваё асабістае жыццё, толькі вось пра дзяцей сваіх вельмі рэдка ўзгадвала…
Паўторымся, сёлета С. нарадзіла трэцяе дзіця. Падчас цяжарнасці піла, курыла. На ўлік не стала. Суддзя Алена Сініцкая запыталася ў яе пра тое, чаму так рабіла. Адказ жа С. шакіраваў усіх прысутных: “А што тут такога?! Усе цяжарныя п’юць і кураць…”
На судзе жанчына спрабавала даказаць, што яна ўсё зразумела і асэнсавала, што для яе галоўнае – дзеці. Але гучала гэта зусім непераканаўча. Ды і шмат пытанняў засталося. Так, напрыклад, чаму яна ўладкавалася на працу толькі ў сярэдзіне мая, як будзе плаціць за камерцыйнае жыллё і вяртаць запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей (а доўг дасягнуў больш за 7 мільёнаў рублёў). Тым больш, што сужыцель нідзе не працуе. На гэтыя пытанні і звярнулі ўвагу падчас судовага пасяджэння суддзя Алена Сініцкая і пракурор раёна Яўген Гуляеў.
На судзе С. вынеслі прысуд: пазбавіць бацькоўскіх правоў.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *