Выставы, экскурсіі, квесты. Шуміліна адзначыла Дзень музеяў

Актуалии Культура Общество

Выставы, экскурсіі, квесты. Шуміліна адзначыла  Дзень музеяў

Усё, што 19 мая ладзілася ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі, было цікава, весела, а яшчэ і бясплатна. Праграма святкавання Міжнароднага дня музеяў была разлічана на цэлы дзень.
Кожны, хто вырашыў далучыцца да музейнай супольнасці, мог наведаць, напрыклад, экспазіцыю і фотадакументальную выставу “Мужнасць, верная доўгу”, прысвечаныя памяці выдатных землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама працавалі выстава ваеннай экіпіроўкі “На варце Радзімы”, выстава-продаж сувенірнай прадукцыі “Я люблю Шуміліншчыну” і фотазона “У лесе прыфрантавым”.
Цэнтральнай падзеяй стала адкрыццё персанальнай выставы Л. У. Журавай “Душы цудоўныя парывы”. Лідзія Уладзіміраўна разам з іншымі творчымі людзьмі сталага веку з’яўляецца ўдзельніцай музейнага праекту “Народная крыніца”, які з поспехам дзейнічае ўжо год. Персанальныя выставы ўдзельнікаў дырэктар музея Святлана Іванова назвала новым паваротам у рэалізацыі праекта: да гэтага творцы ладзілі толькі сумесныя выставы. Лідзія Уладзіміраўна займаецца квілінгам, робіць аплікацыі з гузікаў, мазаікі з яечнай шкарлупіны, вырабляе лялек з нітак, вяжа, шые і ніколі не спыняецца ў пошуку сябе ў новых формах творчасці. Яна прызналася, што ідэі часцей за ўсё прыходзяць да яе ноччу. Л. У. Журава – чалавек з багатым жыццёвым вопытам, з вострым пачуццём гумару. Яна з аптымізмам глядзіць на жыццё, мае аўтарытэт сярод аднадумцаў.
Надзвычай важным для ветэранаў назвала праект “Народная крыніца” старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Яна павіншавала аўтара з персанальнай выставай, а ўсім музейным работнікам падзякавала за плённае супрацоўніцтва.
Галоўны захавальнік фондаў музея Таццяна Церах правяла з гасцямі інтэрактыўны квест-тур “У пошуках эліксіру маладосці”. Таксама ў гэты дзень прайшло падвядзенне вынікаў конкурсу “Музейнае сэлфі”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *