Перспективная задача для аграриев Шумилинского района: полностью обеспечить себя семенами многолетних трав собственного производства

Сельское хозяйство Экономика

Атрымаць 180 тон насення
Перад гаспадаркамі раёна пастаўлена задача нарыхтаваць на  зімова-стойлавы перыяд  па 38 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Задача пасільная, у раёне хапае палеткаў для касьбы. Але ці хапае  шматгадовых траў? Спецыялісты райсельгасхарчу паведамілі, што сёлета падсеяна чатыры тысячы гектараў траў. А каб у наступным годзе было ўласнае насенне, у кожнай гаспадарцы выдзелены насенныя ўчасткі. Так што ў наступным годзе можна будзе зэканоміць грошы. Для параўнання: сёлета ў раёне купілі 7,9 тоны насення канюшыны па 18,5 мільёна за кожную.
Па словах А. А. Шалюты, начальніка раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін, у гэтым годзе  пакінуты на насенне 1138 гектараў шматгадовых траў  (у тым ліку 75 гектараў бабовых). На кожным насенным участку стаяць шыльды з назвай культуры. Пераважаюць канюшына (яе пасеяна ў раёне 574 гектары), купкоўка, цімафееўка, аўсяніца.  Больш за ўсіх насенных  палеткаў – па 155 гектараў – у КУСГП “Мішневічы” і ААТ “Лаўжанскае”.
“Так, мы трымаем накірунак на шматгадовыя травы, – кажа дырэктар ААТ “Лаўжанскае” В. М. Долгі. – Іх вырошчванне эканамічна апраўдана, бо растуць на адным месцы па 4-5 гадоў, можна атрымліваць ураджай з двух-трох укосаў. Ды і па харчовых якасцях шматгадовыя травы не ўступаюць аднагадовым, галоўнае – убраць своечасова.  У гэтым годзе падсеялі амаль 700 гектараў шматгадовых траў. Ставім задачу кожны год па максімуму праводзіць перазалужэнне палеткаў.  У нашай гаспадарцы  растуць цімафееўка і купкоўка. А яшчэ пасеялі 72 гектары чырвонай канюшыны. Увогуле бабовыя культуры вельмі карысныя, бо ўтрымліваюць многа бялку і насычаюць глебу азотам”.
З  бабовых шматгадовых траў на палетках раёна растуць яшчэ  люцэрна, соя, гарох, віка, пялюшка. А ў “Мішневічах” у гэтым годзе пасеялі новую для нашага раёна культуру  фестулоліум – гібрыд аўсяніцы і райграсу. Калі фестулоліум апраўдае надзеі мішневіцкіх аграномаў, то вырошчваць яго будуць і ў астатніх гаспадарках раёна.
Усяго ў гэтым годзе па раёне плануюць атрымаць 180 тон насення шматгадовых траў, у тым ліку 75 тон бабовых,  падлічыў  начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў. І хоць гэтага насення будзе малавата, каб засеяць запланаваныя палеткі ў наступным годзе, але ж вырошчванне шматгадовых траў гэта крок наперад.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2013.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *