«Шумилинское подворье» на «Славянском базаре в Витебске» принимает гостей фестиваля

Актуалии Новости Общество

“Шумілінскі панадворак” адкрыты для гасцей
Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” – яркае, сакавітае, шматлюднае свята. Уся Віцебская вобласць і многія рэгіёны Беларусі задзейнічаны ў стварэнні святочнай атмасферы. Паказаць нашу краіну замежным гасцям фестывалю, прадэманстраваць нацыянальнае багацце, якое сканцэнтравана ў народных звычаях, песнях, вырабах, прысмаках – адна з задач гэтага свята.
Прыгожай традыцыяй стала адкрыццё падчас фестывалю панадворкаў з усіх раёнаў Віцебшчыны і буйных прадпрыемстваў рэгіёна. Дарэчы, гэтую традыцыю запазычылі і іншыя буйныя святочныя мерапрыемствы. Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбылося толькі ўчора, але Віцебск жыве святам з пачатку тыдня, калі пачалося яго ўпрыгожванне, афармленне канцэртных пляцовак у розных кутках горада.
Уздоўж Дзвіны, у самым цэнтры горада, раскінуліся прадстаўніцтвы раёнаў Віцебшчыны.  9 ліпеня адбылася афіцыйная прыёмка панадворкаў прадстаўнічай камісіяй на чале з намеснікамі старшыні аблвыканкама А. С. Мацкевічам і У. У. Цярэнцьевым.
“Шумілінскі панадворак” размясціўся ў адным з лепшых куткоў горада – каля галоўнага ўваходу ў Парк Пераможцаў. Цудоўны куток на беразе Заходняй Дзвіны, у якім спякотным днём хочацца адпачыць у цяні высокіх дрэў, пад асвяжаючым ветрыкам з ракі. Тут заўжды  шматлюдна, гандаль ідзе бойка.
Дарэчы, шумілінскія гандляры тут працуюць без перапынку з 27 чэрвеня. Як расказала старшыня райспажыўтаварыства Л. С. Доктарава, толькі за восем дзён ліпеня выручка склала больш за 110 мільёнаў рублёў, а наперадзе самыя “гарачыя” – фестывальныя дні.
Падчас фестывалю работу “Шумілінскага панадворка” ў кругласутачным рэжыме будуць забяспечваць тры брыгады – больш за 20 чалавек. На месцы смажацца шашлыкі, гатовай кулінарнай прадукцыяй панадворак забяспечвае шумілінскае кафэ “Блюз”. Падвоз прадукцыі – па меры неабходнасці.
На пляцоўцы каля помніка А. С. Пушкіну
Без шумілінскіх артыстаў і майстроў не абыходзіўся яшчэ ніводны “Славянскі базар”. Сёлета майстры з Дома рамёстваў традыцыйна будуць дэманстраваць сваё майстэрства ў “Горадзе майстроў”, які размесціцца на вуліцах Талстога і Пушкіна. Тут можна будзе не толькі набыць беларускія нацыянальныя вырабы, але і атрымаць майстар-клас ад лепшых народных умельцаў. Каля культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо Віцебска  «Дзвіна» раскінуцца гандлёвыя рады «Задвінскага кірамашу» з сувенірамі і вырабамі з усяго свету, палатка з вырабамі прадпрыемстваў малога бізнэсу.
Самадзейныя калектывы з Шуміліна і Обалі можна будзе пачуць з 19.00 да 20.00 на пляцоўцы ля помніка А. С. Пушкіну. Сёння, 12 ліпеня там выступіць народны вакальны ансамбль дзіцячай школы мастацтваў з Обалі “Гарэзнікі”,  13 ліпеня – народны хор Шумілінскага ГДК “Світанак”, а 14 ліпеня будзе выступаць народны калектыў народнай песні “Абалянка” Обальскага ГДК, паведаміла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. Шумілінцы, якія заўжды любяць “пафестываліць” у Віцебску, могуць паслухаць і падтрымаць таленавітых землякоў на “Славянскім базары”.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2013 г.



1 комментарий по теме “«Шумилинское подворье» на «Славянском базаре в Витебске» принимает гостей фестиваля

  1. Скажу честно, из чувства любопытства зашла в Шумилиский панадворак — и меня порадовали наши земляки: все сделано с любовью и со вкусом. Уютное местечко для отдыха и поднятия настроения))))

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *