Из зала суда: ускоренное судопроизводство – алименты и примирение

Закон Происшествия

Па паскоранай вытворчасці
Згодна з заканадаўствам Беларусі пры наяўнасці прыкмет злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкіх злачынстваў, калі факт злачынства відавочны, вядома асоба, якая падазраецца ў здзяйсненні злачынства і яна не адмаўляе свайго дачынення да здзяйснення злачынства, ажыццяўляецца паскораная вытворчасць.  Разгляд крымінальнай справы паскоранай вытворчасці ў судовым пасяджэнні можа  праходзіць без ўдзелу дзяржаўнага абвінаваўцы. Карэспандэнт раённай газеты пабываў на двух  такіх судовых пасяджэннях.
Абальчанін К., відаць, зусім забыўся на тое, што ў яго ёсць дачка, аліменты не плаціў 11 месяцаў. Мужчына нідзе не працаваў, любіў выпіць. Як расце дзяўчынка, яго мала цікавіла. На судовым пасяджэнні К. поўнасцю сваю віну прызнаў. Таксама заявіў, што пасля таго, як атрымаў павестку ў суд, “кінуў піць і ўладкаваўся на працу”. Прысуд – 230 гадзін грамадскіх работ.
64-гадовая С. у дзень пенсіі піла з мужам, за дабаўкай адправілася ў суседнюю вёску. Калі купіла чатыры бутэлькі віна, села на чужы веласіпед і паехала дадому. Праўда, даехаць не паспела, бо ўладальніца веласіпеда адразу звярнулася ў міліцыю і супрацоўнікі РАУС “па гарачых слядах” затрымалі злодзейку. Веласіпед вярнулі гаспадыні, якая і напісала заяву, што прэтэнзій не мае.  С. прынесла прабачэнне за ўчынак і загладзіла нанесеную ёй шкоду. Падчас пасяджэння бакі прымярыліся. У сувязі з гэтым крымінальная справа ў адносінах С. была спынена.
Судовае пасяджэнне  па гэтай справе абяцала быць кароткім. Толькі вось грамадзянка спазнілася і на суд з’явілася ў стане алкагольнага ап’янення. Таму прыйшлосяперанесці судовае пасяджэнне на заўтра.
Жанчына была прыцягнута да адказнасці  за непавагу да суда, атрымала штраф 800 тысяч рублёў за з’яўленне ў суд нецвярозай.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №55 ад 16.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *