Осенняя ярмарка в Шумилино

Актуалии Экономика

Стаяла  на пагодзе…
Клопат суботняй раніцы 9 кастрычніка — адметны, кірмашовы. Не ў 8 раніцы, як нацэльвалі чалавека абвесткі, — значна раней заехалі на плошчу, расцягнуліся ўздоўж вуліцы Кароткіна  машыны, тут жа стала некалькі палатак, ішоў гандаль. Збожжам, бульбай, мясам, капустай…
Падцягнулі свае  гандлёвыя сілы віцябляне, прыватнікі на аўто, усе, хто хацеў у той сонечны, ціхі і лагодны асенні дзень нешта прадаць ці набыць — няважна: на зіму ці нечага смачнага да абеду.
Выбар быў. “Карына-гандаль” выклаў на стол выразкі мяса, фарш, было багата мёду, стаяла чарга не толькі за яйцом, за таварам з Віцебскага халадзільнага камбіната, а і перад перасоўнай машынай з “Вітконпрадукта”. Хаця не гагаталі гусі, не гарланілі пеўні, а віску парасячага хапіла. Прадавалі трусоў, журавіны, жывую рыбу з Пастаўшчыны. Таўсталобікі, карпы — трапяткія, бліскуча-нечаканыя на сонцы, і чарга за рыбай стаяла. Чамусьці балюча стала за  шумілінскае: колькі азёр, а ніколі не бачыў на кірмашах, каб прадавалі свайго карпа ці карася.
У кастрычніку самы час зрабіць запасы гародніны і садавіны на зіму.
І гародніна знайшла сваіх пакупнікоў. Самым “хадавым” была капуста. Яе прывезлі на кірмаш нямнога і прадавалі ў асноўным прыватнікі і школы раёна. Тыя, хто любіць доўга спаць і прыйшоў гадзін у дзесяць, капусты так і не ўбачыў. Сярод тавараў, якія не залежваліся, морква, цыбуля, буракі і яблыкі. Але каралевай кірмашу ўсё ж была бульба. Бадай, самую танную бульбу – па 1100 рублёў за кілаграм – прадавалі з “Райаграсер-вісу”. Але якасці клубням, мякка кажучы не ставала. Таму многія пакупнікі аддавалі перавагу даражэйшай бульбе з прыватных агародаў.
Больш за дзве тоны бульбы гатункаў “зарніца” і “скарб” прывезлі з СФГ “Крыніца”. Прадалі ўсю па 1200 за кілаграм гадзіны за дзве.
Прадавалі на кірмашы і зерне. Пшаніца (5000 рублёў за вядро) разам з ячменем карысталася попытам.
Актыўна гандлявалі на кірмашы школы і дзіцячыя сады. Акрамя традыцыйнай прадукцыі — агародніны, у Язвінскай базавай школе ўсцешана выглядала вядзерца з апенькамі, адна школа прывезла мяшок духмяных яблыкаў са свайго сада — бралі, недзе красавалася на сонцы пляцёнка цыбулі, блішчэла фасоля. Цэлую выставу сваіх цікавых вырабаў прапанавалі з Цэнтра пазашкольнай работы…
Пастараліся на камбінаце кааператыўнай прамысловасці, адкуль прывезлі смачныя пірагі, усякую здобу, булкі, з густам выпечаныя з цеста пшанічныя каласы (так і просяцца ў руку), сімпатычныя вожыкі. Парадаваў гадавальнік пладовых дрэў і кустоў з мястэчка Самахвалавічы, ад пакупнікоў не было адбою. Было шмат і з вопраткі…
Гучала музыка, стаяла на пагодзе, і настрой быў дзівосны і радасны.
Мікалай ЯНЧЫН, Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *