Олимпийские надежды Шумилинщины. Анна Сола

Молодёжь Спорт, туризм

Ісці наперад і не азірацца
На прафесійным біятлонным небасхіле імя біятланісткі Ганны Сола з’явілася ў мінулым сезоне. Да гэтага спецыялісты называлі нашу зямлячку перспектыўнай, толькі вось перамог на рахунку Ганны не было. А на сённяшні дзень 17-гадовая Ганна Сола ў другім складзе нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне.
Мінулы сезон стаў для Ганны проста выдатным. Напачатку дзяўчына выйграла чэмпіянат краіны ў сваім узросце, склала добрую канкурэнцыю дарослым біятланісткам, прайшла адбор да міжнародных стартаў. “Не ведаю як гэта атрымалася, — усміхаецца Ганна. – Проста трэніравалася. А на стартах імкнулася паказаць усё, чаму вучаць трэнеры. І, зразумела, на кожнай гонцы выкладвалася на ўсе сто”.
Першы міжнародны старт Ганны Сола – “Алімпійскія дні моладзі”, якія  прайшлі ў Румыніі. Лепшы вынік – 10 месца ў індывідуальнай гонцы. На ўсіх гонках Ганна паказвала абсалютны лепшы вынік у камандзе.
“Ганну заўважыў на раённым кросе, прапанаваў займацца біятлонам, — расказвае першы трэнер дзяўчыны Генадзь Салапаеў. – Літаральна адразу яна пачала паказваць цудоўны ход. Ды і жаданне займацца біятлонам было вялікае”. Генадзь Мікалаевіч пачаў заяўляць юную біятланістку на розныя старты. З кожным стартам Ганна адчувала сябе ўсё больш і больш упэўнена, неўзабаве прыйшлі і перамогі. Зразумела,  што на дзяўчыну з вёскі Завяззе звярнулі ўвагу і спецыялісты. Хутка яна стала вучыцца ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву.
Ганна добра разумее, што мінулы год быў толькі пачаткам. Для таго, каб нечага дасягнуць у спорце, ёй неабходна яшчэ шмат працаваць. “Найперш, гэта стральба, — адзначае Ганна. – На жаль, у мяне яшчэ ні было ні адной гонкі, якую б адстраляла “чыста”, без промахаў”.
Зараз Ганна трэніруецца з другім складам нацыянальнай зборнай. Пастаянныя зборы, шматчасовыя трэніроўкі – гэта даспадобы дзяўчыне. Яна  адзначае, што вельмі дапамагла, асабліва на першых зборах, зямлячка Ала Талкач. “Да збораў не ведалі адна адну, — усміхаецца Ганна. – Пазнаёміліся. А як даведаліся, што   землякі – сталі лепшымі сяброўкамі”.
Не любіць Ганна  загадваць наперад, не любіць і азірацца. “Трэба проста ісці наперад, паказваць на кожнай гонцы ўсё, на што ты здольны”, — упэўнена біятланістка. А яе першы трэнер Генадзь Салапаеў адзначае: “Ганна цудоўна карыстаецца шансамі, якія ёй даюцца. Думаю, што сёлета мы пачуем пра юніёрку Сола. А што тычыцца дарослай кар’еры, то вырашальным стане сезон пасля Алімпіяды…”
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №57 ад 23.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *