На рабочем совещании в райисполкоме: уборка зерновых, подготовка школ, порядок на земле

Актуалии Президент

Паспець у жніўні
Месяц жнівень імкліва падыходзіць да свайго экватара, а спраў, якія неабходна зрабіць да яго заканчэння, – безліч. Найперш – убраць ураджай. Старшыня райвыканкама У. П. Куранны на ўчарашняй рабочай нарадзе падкрэсліў, што ўборку зерневых трэба завяршыць да 20 – 25 жніўня. Да 18 жніўня трэба пасеяць азімы рапс. Да 1 верасня стаіць задача ўбраць лён, які паспеў (астатні – да 15 верасня).
Нямала іншых спраў прыходзіцца на жнівень. Тая ж падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона. Але ў раёне вельмі марудна ідзе нарыхтоўка дроў. Кіраўнікі УП ЖКГ, цэнтральнай раённай бальніцы і аддзела адукацыі наракалі на дрэнную работу лясгасу ў гэтым плане. Так, па медыцынскім установам з 500 кубоў дроў нарыхтавана толькі 120, паведаміў галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў. У аддзеле адукацыі, спорту і турызму і таго горш: 200 кубоў з 1200 неабходных – такую лічбу агучыў начальнік аддзела П. У. Спірыдонаў. Гэтую тэму кіраўнік раёна ўзяў пад асабісты кантроль.
У жніўні трэба падрыхтаваць вучняў і школы да новага навучальнага года, аказаць дапамогу сем’ям з малымі даходамі. Адпаведныя раённыя службы займаюцца гэтымі пытаннямі. На мінулым тыдні раённая камісія праверыла гатоўнасць школ (матэрыял чытайце на 3-й паласе), але У. П. Куранны запэўніў, што ён асабіста наведае ў канцы жніўня некалькі школ.
Шмат у жніўні работ па навядзенні парадку на зямлі. Старшыня райвыканкама лічыць недапушчальным, напрыклад, той факт, што побач з брацкімі могілкамі ў Дворышчы, дзе пахавана паўтары тысячы савецкіх салдат, сёння нагрува-шчаны дзесяцігадовыя залежы арганікі. Вывезці такую колькасць угнаенняў за месяц, вядома, немагчыма, але гэта трэба зрабіць як мага хутчэй. Кантроль за гэтым даручаны першаму намесніку старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькову, а таксама землеўпарадкавальнай службе райвыканкама.
Перад кожным з нас жнівень ставіць задачы: каму хлеб убіраць, каму дом будаваць, рэдакцыі “Герой працы”, напрыклад, у жніўні яшчэ трэба падрыхтаваць 8 нумароў газеты (уключаючы той, што вы трымаеце ў руках). Але ж усе мы на тое і пастаўлены, каб выконваць гэтыя задачы.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №63 ад 13.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *