Рыбацкое счастье Ивана Бурова

Мир увлечений

Рыбацкае шчасце Івана Бурава
Цікавы народ – рыбакі. Можна сказаць, дзівакі апантаныя. Гадзінамі ў спякоту і люты холад сядзяць, глядзяць на кручок: “Авось, клюне?!” Мне ўспомніліся радкі з “Рыбацкай малітвы” беларускага паэта Алеся Пісьмянкова:
О Божа, не дай прапасці,
Не рабі недарэкамі,
Пашлі нам рыбацкае шчасце,
Мне і Толіку Зэкаву.
У нас усяго даволі
З добрае ласкі Твае,
Даволі і хлеба, і солі,
А шчасця рыбацкага не стае…
Якое ж яно рыбацкае шчасце? А вось такое, як вы бачыце на фотаздымку. Не проста клюнула “рыбка” (хоць і ад гэтага ўжо затрапятала сэрца рыбака), а ў жорсткай барацьбе ты аказаўся пераможцам!
Іван Бураў, а менавіта яму так пашчасціла, расказаў, што хвілін дваццаць ён ваяваў са шчупаком і змог-такі перахітрыць яго, выцягнуць азёрны трафей.
“11 кілаграмаў 650 грамаў, 117 сантыметраў. Такі ўлоў у мяне ўпершыню”, – прызнаецца шчаслівы рыбак, – у мінулым годзе трапіўся пяцікілаграмовы шчупак, і тое была вялікая ўдача, а тут – звер-рыба”.
Шчупак – хітрая рыба, вывудзіць яе няпроста, трэба ведаць асаблівыя прамудрасці. Іван Бураў расказаў, што гэтым прамудрасцям, у прыватнасці, лоўлі спінінгам, яго вучылі Уладзімір Гарохаў (дарэчы, наш рэдакцыйны вадзіцель) і Уладзімір Зянькоў – карыфеі рыбалоўнай справы.
– А дзе злавіў? – цікаўлюся ўздагон удачліваму рыбаку.
– Так я вам і расказаў, – смяецца Іван, – на адным з азёр Шуміліншчыны. Не  толькі ж у тувінскіх рэках, дзе рыбаліць Пуцін, водзяцца шчупакі!”
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №64 ад 16.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *