Трудовая книжка. Советует специалист

Вопрос-Ответ

Без працоўнай кніжкі якая праца?
Згодна з  арт. 50 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь працоўная кніжка ўстаноўленага ўзору з’яўляецца асноўным дакументам аб працоўнай дзейнасці работніка. Яна афармляецца на кожнага работніка, які працуе ў наймальніка звыш пяці дзён, калі работа ў гэтай арганізацыі з’яўляецца для работніка асноўнай.
У працоўную кніжку ўносяцца звесткі пра работніка, выконваемую ім работу, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку, пра ўзнагароды і заахвочванні, пра назначэнне пенсіі.
Пры звальненні працоўная кніжка выдаецца работніку ў дзень звальнення (у апошні дзень работы).
За затрымку выдачы працоўнай кніжкі наймальнік нясе адказнасць згодна з арт. 79 ПК — работніку выплачваецца сярэдні заробак за ўвесь час вымушанага прагулу, і дата звальнення пры гэтым мяняецца на дзень выдачы працоўнай кніжкі.
Калі работнік адсутнічае на рабоце ў дзень звальнення, наймальнік у той жа дзень накіроўвае яму заказны ліст з паведамленнем аб неабходнасці атрымання працоўнай кніжкі. Перасылка працоўнай кніжкі поштай з дастаўкай па ўказаным адрасе дапускаецца толькі з пісьмовай згоды работніка.
У выпадках, калі работнік адмаўляецца сам атрымаць працоўную кніжку, напрыклад, лічыць, што яго звольнілі незаконна, і нягледзячы на заказны ліст з паведамленнем аб неабходнасці атрымання працоўнай кніжкі не з’яўляецца за ёй і не выказвае жадання на перасылку яго поштай, наймальнік не нясе адказнасці за затрымку выдачы кніжкі. Факт адмовы ад атрымання працоўнай кніжкі афармляецца актам з указаннем прысутных пры гэтым сведкаў.
У выпадку згубы працоўнай кніжкі (укладышу да яе) работнік мае права звярнуцца да наймальніка па апошнім месцы работы на працягу года з дня звальнення. Не пазней 15 дзён з дня звароту наймальнік выдае работніку другую працоўную кніжку з надпісам “Дублікат”. Пры згубе працоўнай кніжкі па заканчэнні ўказанага тэрміну наймальнік выдае даведку аб перыядзе работы работніка. Даведка служыць падставай для завядзення па новым месцы работы такому работніку іншай працоўнай кніжкі, але зноў з надпісам “Дублікат”.
Калі працоўная кніжка згублена па віне наймальніка, апошні абавязаны самастойна прыняць меры для атрымання адпаведных дакументаў, якія пацвярджаюць стаж работы работніка, што папярэднічаў паступленню да данага наймальніка.
Г. ГАЛАЙ, галоўны дзяржінспектар працы абласнога ўпраўлення Дэпартаменту дзяржінспекцыі працы.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *