Читатель обратился в газету. Есть газ, будут и дрова

Вопрос-Ответ

Ёсць газ, будуць і дровы
У рэдакцыю звярнулася наша пастаянная чытачка, жыхарка райцэнтра Л. Ф. Мурашка: “Чаму мне ў гэтым годзе адмовілі ў выдзяленні дроў па льготным кошце па норме 4,9 кубаметра. Сказалі, што не паложана, бо ў доме ёсць газавае ацяпленне. Але ў мяне ёсць і пліта, і лазня. Дровы патрэбны”.
Як расказаў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама В. С. Селязнёў, забеспячэнне насельніцтва дровамі і торфабрыкетам па фіксаваных цэнах рэгулюецца Палажэннем аб парадку забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва, якое зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1208 ад 9 лістапада 2012 года.  Гэтая Пастанова ўстанаўлівае гранічныя нормы водпуску насельніцтву па фіксаваных рознічных цэнах на адно домаўладанне ў каляндарным годзе: паліўных брыкетаў – 3,5 тоны; торфу кавалкавага – 4 тоны, дроў – 4,9 шчыльнага метра кубічнага; вугалю – 2,5 тоны.
У Палажэнні падрабязна вызначаюцца катэгорыі насельніцтва, якія маюць права на атрыманне паліва, указваюцца неабходныя дакументы для яго атрымання, парадак забеспячэння. У прыватнасці, права на набыццё цвёрдага паліва маюць грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і зарэгістраваныя па месцы жыхарства ў аднакватэрным жылым доме, кватэры ў блакіраваным жылым доме, у якіх маецца пячное (вадзяное, паравое) ацяпленне, індывідуальнае ацяпляльнае абсталяванне, якое працуе з выкарыстаннем цвёрдых відаў паліва ці цвёрдых відаў паліва і газу (электраэнергіі), і  якія не падключаны да сістэмы цэнтралізаванага цеплазабеспячэння. Для атрымання па-ліва неабходна звярнуцца ў райпаліўзбыт  з паліўнай кніжкай і дакументам, які засведчвае асобу.
Як патлумачыў па тэлефоне дырэктар Шумілінскага філіяла УП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко, сітуацыя, што склалася у выпадку з Л. Ф. Мурашка, не магла быць вырашана да 18 лютага, бо на прадпрыемстве не было тлумачэння Мінфіна аб парадку выкарыстання Палажэння па паліву.
Для атрымання дроў па фіксаваных цэнах заяўніцы неабходна звярнуцца ў Шумілінскі філіял “Віцебскаблпаліў” з наступнымі дакументамі: даведкай аб займаемым жылым памяшканні і складзе сям’і і дакументам, які сведчыць асобу. Трэба прадставіць тэхпашпарт, які пацвярджае наяўнасць пячнога ці змешанага ацяплення.
Дарэчы, для лазні дровы па фіксаваных цэнах не адпускаюцца, іх трэба набываць па свабодных цэнах.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *