Фонд социальной обороны: вопросы и ответы

Вопрос-Ответ

Фонд сацыяльнай абароны: пытанні і адказы
На пытанні адказвае начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Таццяна ПРЭСНЯКОВА.
Я працую за мяжой, хаця з’яўляюся грамадзянкай Беларусі. Чула, што пенсійныя адлічэнні я павінна рабіць сама. Ці праўда?
Па закону грамадзяне, якія працуюць за мяжой, маюць права ўдзельнічаць у праваадносінах па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню. Для гэтага грамадзяніну неабходна стаць на ўлік у якасці плацельшчыка страхавых узносаў у аддзеле Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы жыхарства, падаць заяву вызначанай формы і наступныя дакументы: дакумент, які сведчыць асобу, працоўны дагавор (кантракт) ці грамадзянска-прававы дагавор. Выплата страхавых узносаў у Фонд на пенсійнае страхаванне ажыццяўляецца грамадзянамі ў памеры 29% ад вызначаемага імі даходу штомесяц, не пазней 25 чысла месяца, наступнага за месяцам, калі ўказаныя ўзносы павінны быць выплачаны.
Права на такія выплаты як дапамога па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, дапамогі, звязаныя з нараджэннем дзяцей, грамадзяне, што працуюць за мяжой, не маюць.
З’яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам і вучуся ў БДУ. Ці абавязана я выплачваць страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва?
Індывідуальным прадпрымальнікам, якія адначасова з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці вучацца на дзённай форме атрымання адукацыі, заканадаўствам дадзена права ўдзелу ў праваадносінах па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню. Выплачваць страхавыя ўзносы ў Фонд на пенсійнае і (ці) сацыяльнае страхаванне можна ў добраахвотным парадку з даты падачы ў Фонд заявы.
Асобныя работнікі нашай арганізацыі з’яўляюцца інвалідамі. Ці прадугледжаны для іх льготы па выплаце абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва?
Так, сапраўды, льготы ёсць. Згодна з заканадаўствам ад выплаты абавязковых страхавых узносаў на пенсійнае страхаванне вызваляюцца ўсе работадаўцы, якія прымяняюць працу інвалідаў, у часці выплат, налічаных на карысць інвалідаў I i II груп. З выплат, налічаных на карысць інвалідаў I i II груп, работадаўцы выплачваюць страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне (6%), а таксама ўтрымліваюць і пералічваюць у Фонд 1% індывідуальнага заробку інвалідаў (на пенсійнае страхаванне).
Трэба адзначыць, што грамадскія аб’яднанні інвалідаў і арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці гэтых грамадскіх аб’яднанняў, выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы на пенсійнае страхаванне ў памеры 5% (для пераважнай большасці плацельшчыкаў памер страхавых узносаў на пенсійнае страхаванне складае 28%).
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №64 ад 23.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *