Праздники деревень проходят в Шумилинском районе: агрогородок Никитиха, деревни Победа и Андреево

Край шумілінскі Сельское хозяйство

«Вёска мая – я часцінка твая»
Такую паэтычную назву мела свята вуліцы Сіпко вёскі Пабеда Лаўжанскага сельсавета. Арганізавала і прявяла мерапрыемства загадчыца Пабедскага СК А. Р.Філатава, у дапамогу ёй прыйшлі самадзейныя артысты аўтаклуба Лаўжанскага СЦКД.
У кожнай вёсцы ёсць свая гісторыя, як кажуць, свая песня. Ёсць яна і ў вёсцы Пабеда. Некалі, у старыя гады, гэта быў глухі, непрыкметны куток. Вузкая, не вельмі доўгая вуліца ўмяшчала некалькі хат з саламянымі стрэхамі і сляпымі акенцамі. Вакол вёскі — балота, побач – лес, з якога і карміліся жыхары. Сама вёска дзялілася на тры часткі: ад млына да ручая – Пабеда, ад ручая да царквы – Пагост, ад царквы да возера – Сосны. З цягам часу апошнія дзве назвы страцілі сваю актуальнасць, а назва Пабеда стала агульнай назвай усёй вёскі.
Шмат гаварылі вядучыя свята пра мінулае і сучаснае, пра людзей вуліцы Сіпко. Шчырым словам дзякавалі працаўнікам, якія сваёй нястомнай працай славілі маленькую радзіму, ушаноўвалі юбіляраў, дружныя сем’і, матуль, давалі наказы дзеткам добра вучыцца, абраць светлы і чысты жаццёвы шлях.
І зараз жыхары вуліцы Сіпко ў Пабедзе могуць ганарыцца тым, што іх суседзямі з’яўляюцца руплівыя механізатары-камбайнеры: Анатоль Чарнічэнка, Сяргей Гоманаў, Аляксандр Якаўлеў і Віктар Пруднік, якія зараз занятыя самай сур’ёзнай і адказнай справай – уборкай хлеба.
Шмат песень прагучала ў гэты дзень для жыхароў вуліцы Сіпко, шмат пажаданняў і шчырых апладысментаў.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА. Фота А. ФІЛАТАВАЙ.
«Лепш старонкі не знайсці»
У гэтыя цудоўныя жнівеньскі дні завітала і да нас у невялічкую вёску Андрэева свята. Яго нам падрыхтавала  загадчыца Мішкавіцкага СК Зінаіда Аляксандраўна Касьянава. І мы, жыхары вёскі, вельмі ўдзячныя ёй, а таксама яе памочнікам, за гэта.
Якіх толькі конкурсаў не было на свяце! І на лепшы падворак, і на кулінарны выраб, і на самы прыгожы букет, на самыя майстравітыя рукі.
З. А. Касьянава для кожнага жыхара знайшла добрае слова: ад самай старэйшай жыхаркі Э. Д. Голубевай (107 год) да самага маленькага Данілкі Ушала (толькі 2 месяцы).
5 год таму ў нашай вёсцы ўпершыню прайшло свята, з таго часу пайшлі з жыцця 23 чалавекі. Іх памяць мы ўшанавалі хвілінай маўчання…
Свята закончылася дружным застоллем, а пасля – запусканнем нябесных ліхтарыкаў. Прызнацца, мы радаваліся, як дзеці – гэта выглядала вельмі прыгожа і незабыўна.
Дзякуй за свята! Мы заўсёды рады бачыць гасцей у сваёй роднай вёсачцы.
З павагай і ўдзячнасцю жыхары в. Андрэева.
Весяліліся вуліцы Палявая, Новая і Міру
Тыдзень таму ў аграгарадку Мікіціха прайшло свята вуліц Палявая, Новая, Міру. Са святам віншавала землякоў старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко.
Артысты Лаўжанскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу падрыхтавалі для вяскоўцаў цікавы канцэрт. Так што жыхары вуліц Палявая, Новая і Міру спявалі, танцавалі і весяліліся.  Падчас свята было арганізавана шмат выстаў і конкурсаў. Віталі юбіляраў,  першакласнікаў, старажылу вёскі Н. І. Казлову і самага маленькага жыхара Глеба Кавалёва. З сярэбраным вяселлем павіншавалі сям’ю Духовічаў.
Як высветлілася, у Мікіцісе жыве шмат добрых гаспадынь. “Але ж лепшымі на гэтых вуліцах былі названы А. А. Асаевіч, С. А. Духовіч, Л. Р. Ісаева, Я. М. Балабіна. Самы прыгожы падворак у сям’і Дзюсупавых,  – расказала карэспандэнтам раённай газеты дырэктар  Лаўжанскага цэнтра культуры Е. В. Паліцан. – А сярод мясцовых рукадзельніц мы адзначылі  І. У. Жыгунову і  Н. І. Казлову”.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *