Проект «Письма Победы». Последнее письмо с фронта

80 лет Великой Победы Край шумілінскі Людзі і лёсы

Апошняе пасланне з фронту

У музеі гісторыі СШ № 1 г. п. Шуміліна захоўваецца франтавы ліст нашага земляка Лявона Ягоравіча Фадзеева.

Яго ў музей прынесла Ірына Ягораўна Спірыдава, унучка героя вайны, якая зараз працуе ў школе настаўніцай. І. Я. Спірыдава расказала, што ў сямейным архіве калісьці было некалькі лістоў ад дзеда, але з цягам часу яны згубіліся, застаўся толькі адзін, які быў дасланы апошнім і датаваны 25 жніўня 1944 года.

Лявон Ягоравіч Фадзееў нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Кулакова, працаваў рабочым у калгасе «Чырвоная армія». У чэрвені 1944 года быў прызваны на фронт. Служыў радавым у 201-м гвардзейскім стралковым палку 67-й гвардзейскай стралковай дывізіі.

На пацёртым і пажаўцелым ад часу лісце добра бачны нумар палявой пошты – № 57398 II. Вось змест ліста: «Ліст ад вядомага вашага мужа Лявона Ягоравіча. Першым чынам добры дзень, дарагая жонка Луша Фёдараўна. Добры дзень, мой сынок Ягорка Лявонавіч. А яшчэ добры дзень, мая родная мамаша Александрэя Панкратаўна. Нізкі паклон сястры Ганне Ягораўне і прывітанне швагеру Рыгору Якаўлевічу, і нізкі паклон дарагому роднаму брату Сафону Ягоравічу.

А яшчэ, дарагая жонка Луша Фёдараўна, перадай ад мяне па нізкім паклоне цёткам Пелагеі Ігнатаўне, Аляксандры Ігнатаўне і брату Пракопу Ягоравічу. І ўсім родным і знаёмым, дарагая жонка Луша Фёдараўна.

У першых радках свайго ліста хачу паведаміць, што я пакуль жывы і здаровы. Я прыбыў у запасны полк. Ішлі мы 12 дзён у паходзе з 10.08 да 22.08. На месцы прыбыцця колькі прабудзем, я не магу ведаць. Пра мяне не турбуйцеся. Бог ведае, які будзе мой лёс, яго я ведаць не магу.

Толькі мне адно хочацца ведаць, як вы жывяце і ці ўсё ў вас у парадку. Хоць бы я ад вас як-небудзь ліст атрымаў, мне лягчэй было б. Але я іх не атрымліваю – за гэта не раззлаваўся, таму што я не на адным месцы знаходжуся.

Дарагая жонка Луша, калі атрымаеш мой ліст, на шчасце напішы хутчэй адказ. Напішы ўсё падрабяз на пра сынка і пра мамашу, і пра сябе, як вы жывяце.

Да пабачэння. 25.08.1944 г.».

У адным з баёў Лявон Фадзееў быў паранены. У шпіталі ён памёр ад ран у лістападзе 1944 года. Месца пахавання франтавіка невядомае.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *