Директор льнозавода А. Папино: «Без помощи людей лён не уберём»

Сельское хозяйство Экономика

“У конусы будзем ставіць усе!”
У гэтым годзе ў раёне пасеяна 703 гектары лёну. “Увесь лён выцераблены, – расказаў рэдакцыі раённай газеты дырэктар “Шумілінскага льнозавода” А. М. Папіна. – Зараз займаемся прасаваннем, працуем у в. Стрэлкі, што на Каўлякоўшчыне. На раніцу 26 жніўня спрасавалі 124 гектары. Нарыхтавалі 248 тон льнотрасты сярэднім нумарам 1,1. У складзе ўжо знаходзіцца 82 тоны ачышчанага і высушанага льносемя. Яго хопіць, каб наступнай вясной засеяць тыя ж 700 гектараў”.
У гэтым годзе работы на льняных палетках пачаліся значна раней, чым у мінулыя гады. Нават старажылы льнозавода не помняць такі год, каб да 20 жніўня ўвесь лён быў выцераблены. Ды і ўраджайнасць валакна нядрэнная – 9 цэнтнераў з гектара. “Кароткае валакно ідзе нумарам 3-4, а доўгае – нумарам 11-12, – удакладняе Аляксандр Мар’янавіч. – Такога доўгага  валакна на заводзе ў мінулым годзе не было ўвогуле ні кілаграма. Так што, думаем, ураджаю хопіць, каб завод працаваў на поўную магутнасць цэлы год”.
Засталося толькі ўбраць выцераблены лён з палеткаў. Зараз у Стрэлках працуюць шэсць прэсаў. Дні за два механізатары закончаць работу на гэтым участку і будуць адпачываць, бо астатні лён яшчэ не вылежаўся. Надвор’е пакуль не на карысць лёну, тлумачаць аграномы. Стаіць гарачыня, няма дажджоў, слабая раса – усё гэта не спрыяе таму, каб лён вылежаўся да патрэбных кандыцый і набыў патрэбны шэры колер.
Пытаемся ў А. М. Папіны, ці справяцца ў гэтым годзе з уборкай лёну механізавана. “На жаль, ніяк не ўправімся, – тлумачыць Аляксандр Мар’янавіч. – Не хапае механізатараў. Калі ў мінулым годзе іх было 16, то сёлета толькі 8. Ды і лён – культура спецыфічная. Трэба час для вылежкі. А прайшоў дождж – трэба падымаць, каб не ўрос у зямлю. Думаем, што з пачатку верасня будзем звяртацца за дапамогай на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна. Так што ў конусы лён будзем ставіць усе!”
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *