На рабочем совещании в райисполкоме

Актуалии Президент

Падрыхтоўка да зімы. Працоўная і грамадская дысцыпліна
Пытанні будаўніцтва, падрыхтоўкі школ да новага навучальнага года, народнай гаспадаркі да зімы і іншыя былі ў цэнтры ўвагі рабочай нарады, якую правёў учора старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
Работа па падрыхтоўцы да зімы ў цэлым ацэнена нездавальняюча. Вельмі марудна ідзе нарыхтоўка дроў, брыкету і шчапы, вялікі аб’ём нявыкананых работ па падрыхтоўцы да зімы ў камунальнікаў. Хаця нельга не адзначыць аператыўную работу ў гэтым накірунку медыцынскіх устаноў. Як далажыў на нарадзе галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў, усе медыцынскія ўстановы ўжо атрымалі пашпарты гатоўнасці, і паліва тут нарыхтавана не 30%, як у многіх іншых, а 72%.
У полі зроку кіраўніцтва раёна і тэма працоўнай дысцыпліны, выканання Дэкрэта № 18. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, кампенсацыя абавязанымі асобамі затрат, патрачаных дзяржавай на выхаванне іх дзяцей, складае на сённяшні дзень усяго 46,7%. Для ўсё большай кагорты абавязаных асоб прагулы становяцца нормай жыцця.
У. П. Куранны запатрабаваў ад кіраўнікоў арганізацый, дзе працуюць такія людзі, а таксама ад міліцыі жорсткіх мер у барацьбе з п’яніцамі і прагульшчыкамі, падкрэсліў, што патрульныя выезды ў раён спецназаўцаў атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) будуць пастаяннымі.
Дарэчы, як далажыў намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла, за тры дні работы ў раёне спецназаўцы склалі 62 пратаколы, у тым ліку затрымалі 22 п’яных, 20 аштрафавалі за распіванне піва ў грамадскіх месцах, 10 – за дробнае хуліганства, 10 – за непадпарадкаванне.
Барацьба з п’янствам, з прагуламі, з фактамі вандалізму павінна быць бескампраміснай і больш прадметнай, падкрэсліў кіраўнік раёна. Уладзімір Пятровіч паведаміў, што акрамя ўстаноўленых відэакамер, якія ахопліваюць цэнтр Шуміліна, дадаткова будзе ўстаноўлена відэаназіранне на перакрыжаваннях вуліц Юбілейнай і Луначарскага, Юбілейнай і Сіпко, а таксама на воданапорнай вежы, што дасць магчымасць бачыць не толькі райцэнтр, але і яго наваколле.
Што датычыць сельскагаспадарчых работ, сёлета надвор’е спрыяла хлебаробам, жніво завяршаецца не толькі на грамадскіх, але і на прыватных участках. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава праінфармавала, што на 26 жніўня ўбрана 92% прыватных зерневых участкаў.
А гаспадаркі раёна, як далажыў першы намеснік старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў, закончылі сяўбу азімага рапсу і прыступілі да сяўбы азімых зерневых.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *