Станция техобслуживания в Шумилино будет…

Актуалии Экономика

Дзе адрамантаваць рухавік?
У Бешанковіцкім і Гарадоцкім раёнах ёсць, а ў Шумілінскім няма… А чым мы горшыя за суседзяў? Гаворка – пра станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Яе няма ў Шуміліне каля дваццаці гадоў. Сталыя шумілінцы помняць, як яшчэ ў канцы 80-х на тэрыторыі сённяшняга прадпрыемства “Вежа” была нядрэнная СТА – там рамантавалі грузавыя і легкавыя аўтамабілі. А куды звярнуцца сёння, каб зрабіць, напрыклад, капітальны рамонт рухавіка? Ехаць у Віцебск і Полацк ці ісці да прыватніка “ў гаражы”?
“Неўзабаве праблема са станцыяй тэхабслугоўвання ў Шуміліне будзе вырашана, – абнадзеіла намеснік старшыні райвыканкама В. А. Байда. – У райцэнтры плануем адкрыць дзве станцыі тэхнічнага абслугоўвання: выдзелены ўчастак ля аўтазаправачнай станцыі, але там яшчэ няма гаспадара, будзе станцыя і ля цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У перспектыве – будаўніцтва станцыі ў Обалі”.
Гаспадар адной СТА, якая будзе ля кафэ “Караван”, ужо ёсць – кіраўнік будаўнічай фірмы “САВ-строй”. Аддзел культуры бясплатна выдзеліў гаражы, якімі ўжо не карыстаюцца каторы год. “Зараз афармляем неабходныя дакументы, – расказаў А. В. Сукіасян. – Мяркуем, што да канца лістапада станцыя тэхнічнага абслугоўвання пачне працаваць. Толькі на закупку абсталявання пойдзе каля пяцідзесяці мільёнаў рублёў: трэба спецыяльныя механічныя пад’ёмнікі, рэгуліровачныя стэнды”.
На СТА мяркуюць адкрыць 5-6 рабочых месцаў. Рамонтнікі пакуль будуць абслугоўваць толькі легкавыя машыны (рабіць развал колаў, мяняць масла і фільтры, рамантаваць рухавікі), а ў планах – зрабіць станцыю тэхнічнага абслугоўвання  для грузавых аўто. Побач размесціцца фарбавальны цэх.
СТА у Шуміліне, безумоўна, будзе карыстацца попытам. Як нам паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ М. У. Гаралевіч, у нашым раёне каля трох тысяч уладальнікаў асабістага транспарту. Гэта амаль ў паўтара раза больш, чым пяць-шэсць гадоў таму.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *