Хозяйства Шумилинского района приступили к уборке кукурузы

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Першыя сеялі, першыя і ўбіраюць
Хто бачыў сёлета кукурузнае поле ля вёскі Засіннікі, адназначна можа сказаць: “Урадзіла!” Так, кукуруза вышынёю больш за два метры стаяла тут  шчыльнай сцяною. Гэта плён работы агранамічнай службы.  І галоўны аграном УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” М. Я. Маліноўскі вельмі задаволены такім ураджаем. “На гэтым полі ўзялі амаль пяцьсот цэнтнераў з гектара”, – з гордасцю кажа  Міхаіл Ягоравіч.  А ўраджайнасць кукурузы па гаспадарцы – 298 ц/га (па раёне  – 266  цэнтнераў).
На раніцу 9 верасня ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” ўбралі 44% кукурузы  (234 гектары з 800 засеяных). Па тэмпах работы гаспадарка ў лідарах. І сакрэт вельмі просты: у райаграсэрвісе першымі ў раёне (у пачатку мая) пачалі сеяць кукурузу, яна раней выспела, значыць, раней змаглі прыступіць і да ўборкі.
“На ўборцы кукурузы працуюць добрыя механізатары, – кажа дырэктар “Шумілінскага райаграсэрвісу” У. А. Арлоў. – На кормаўборачным камбайне рупіцца Міхаіл Мануйка. Вельмі стараецца: пры норме 240 тон перавыконвае план у два разы”.  Ухвальнае слова Уладзімір Антонавіч сказаў і пра механізатараў на адвозцы – Сяргея Жандарава і Рыгора Кавалёва.
Асобная гаворка пра  механізатара Ігара Шытава. Ён працуе ў гаспадарцы больш за дзесяць гадоў. “Зараз працую на кормаўборачным камбайне, падбіраю на полі салому, якую адвозяць на сіласныя траншэі”, –  коратка кажа Ігар пра сваю работу. За дзень на рахунку механізатара – да пяцідзесяці тон саломы. Сіласныя траншэі ў гаспадарцы кладуць па асобнай тэхналогіі, якую называюць “слаёным пірагом”. А назва такая, таму што ў траншэі чаргуюцца слаі сіласу і саломы. “Такая тэхналогія апраўдана, – кажа М. Я. Маліноўскі. –  Бо кукуруза зараз вельмі сакавітая і пры трамбоўцы “траншэі плачуць”. А так салома ўсмоктвае сок. Атрымліваецца і карысны корм для жывёлы, і траншэі герметычныя і прыгожыя.”
У райаграсэрвісе ўжо заклалі тры сіласныя траншэі агульнай вагою амаль сем тысяч тон.  На думку кіраўніцтва гаспадаркі, работа ідзе роўна і зладжана. Асноўная праблема – паломка тэхнікі. Часам і камбайн падводзіць, і ПІМы псуюцца. Таму гаспадарка чакае шэфаў з “Віцебскгандальбуд”, якія на гэтым тыдні абяцалі прыслаць на падмогу МАЗ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *