В “Роднике” накопали 3 тысячи тонн картофеля

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Дастаць грошы са сховішча”

В картофелехранилище КФХ "Родник"

Сёння дзяржава вялікую ўвагу ўдзяляе бульбаводству. У ліку накірункаў, якія будуць садзейнічаць развіццю галіны, кіраўнік дзяржавы акрэслівае будаўніцтва новых сучасных бульбасховішчаў, рэканструкцыю і мадэрнізацыю ўжо існуючых. Гэта дазволіць у поўным аб’ёме захаваць бульбу да вясны і ў сваю чаргу дасць магчымасць дадаткова зарабіць грошай.
Але наконт таго, каб зарабіць грошай, атрымліваецца не заўсёды. Напрыклад, у  “Райаграсервісе” сёлета атрымалі мізэрны ўраджай – да 50 цэнтнераў з гектара. А ў “Мішневічах” у мінулым годзе калі і вырасцілі бульбу, дык захоўвалі яе ў буртах і няпра-вільна. У выніку  большая частка згніла. Адным словам, вясною нават насення не ставала. Яго прыйшлося купляць у СФГ “Крыніца” – адзінай гаспадарцы раёна, якая ўключана ў рэспубліканскую праграму развіцця бульбаводства на 2006-2010 гады.
“У нас бульба рэнтабельная, – гаворыць галоўны эканаміст гаспадаркі В. А. Данчанка. – Пры ўраджайнасці 200 цэнтнераў з гектара мы атрымліваем немалы прыбытак. У мінулым годзе рэнтабельнасць дасягнула 43,8 %. Думаецца, што і сёлета спрацуем не горш”.
У “Крыніцы” сёлета накапалі амаль тры тысячы тон бульбы. Адметна тое, што ўборка поўнасцю вялася механізавана – толькі камбайнамі. Ручная праца засталася толькі на пераборцы, кожны дзень у сховішчах працуюць па 60-70 чалавек з Мішкавіч, Мікалаёва, Кардона і Улы.
Гатункі “скарб” і “дэльфін” далі па 340 і 320 цэнтнераў з гектара. Каля паўтары тысячы тон ужо рэалізавалі арганізацыям і прадпрыемствам Віцебска, Полацка і Наваполацка.  Каля пяцісот тон прадалі насельніцтву за наяўны разлік.
“Сёлета бульбе рэклама не патрэбна, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун. – Практычна ўся бульба, што планавалі прадаць, разышлася па Беларусі, хаця многа званкоў было і з Расіі”.
У сялянска-фермерскай гаспадарцы два бульбасховішчы – у Макаўі і Галях. Тут уцяплілі дзверы, дах і сцены. У сховішчы можна захоўваць да тысячы тон бульбы з упэўненасцю, што не змерзне. Летась, напрыклад, тут перазімавала васемсот тон, сёлета пакідаюць 600 тон на насенне для сваёй гаспадаркі і 300 тон на продаж. Плюс яшчэ засыпаюць больш за 100 тон харчовай бульбы. Па словах выканаўчага дырэктара сялянска-фермерскай гаспадаркі А. В. Лагунова, вясной застанецца толькі “дастаць грошы са сховішча”.
У “Крыніцы” упэўнены, што добра захаваць бульбу можна толькі ў сховішчы, а не ў буртах.
На наступны год СФГ “Крыніца” пашырае бульбяныя палеткі – будуць садзіць не менш як дзвесце гектараў. Плануюць вырошчваць і пітомнікі, спрабаваць навейшыя гатункі. Па падліках спецыялістаў, інтэнсіўнае гаспадаранне пры ўраджайнасці каля 250 цэнтнераў на круг забяспечвае чысты прыбытак да 450 долараў з гектара. Гэта выгадна адрознівае бульбу ад іншых сельскагаспадарчых культур.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *