Валерий Будяков без мяса за стол не садится, а свинину выращивает сам — до 2 тон в год

Семья Экономика

За год мае дзве тоны свініны
Ён на нагах з пяці гадзін раніцы. Не таму, што не спіцца, а таму, што трэба бегчы на дачу спраўляцца па гаспадарцы. А яна багатая: паўтара дзясятка свіней, вяпрук Васіль Іванавіч, карова, па паўсотні гусей і курэй.
Гаворка пра гаспадара з Обалі  Валерыя Іванавіча Будзякова.  Калі купляў домік пад дачу, ён меў задуму трымаць тут свіней. “Я мужчына паўднёвай крыві, з Казахстана, – усміхаецца гаспадар. – Без мяса за стол не саджуся. Прывык з дзяцінства, каб кожны дзень была шкварка. Калі з’ем мяса ці сала – адчуваю сябе моцным і сытым”.
Валерый Іванавіч зрабіў для карэспандэнта раённай газеты сапраўдную экскурсію па сваім падворку.  Для кожнай свінні зроблены асобныя засекі – каб не перашкаджалі адна адной.  “Вось у гэтым хлеўчуку стаяць свінаматкі, – паказвае гаспадар. – А тут гадуюцца свінні на мяса. Увогуле за год атрымліваю каля дзвюх тон свініны. Шчыра скажу: справа выгадная, раю і іншым жыхарам Шуміліна такім чынам папоўніць свой сямейны бюджэт”. Дарэчы,  Валерый Іванавіч дазволіў фатаграфаваць свіней, але сам адмовіўся ад аб’ектыву фотаапарата.
У гаспадарцы не заўсёды было ўсё гладка: паўтара года таму падкасіла афрыканская чума – прыйшлося пусціць пад нож каля 70 свіней. Але летась В. І. Будзякоў узнавіў сваю гаспадарку: купіў на Лепельшчыне парасят.
“Аддаю перавагу галандскай пародзе “ландраст”, – кажа Валерый Іванавіч. – Свінні лапавухія і кругленькія. Добра расце і “беларускі ландраст”  – за паўгода жывёла набірае па 100-120 кілаграмаў”. Рацыён звычайны: бульба, буракі і камбікорм. Летам, вядома, яшчэ трава. “Раскрыю маленькі сакрэт: буракі трэба даваць свінням сечаныя, а не вараныя, – кажа гаспадар. – А маленькіх парасятак абавязкова з месяц трэба выпойваць малаком, каб быў старт для росту. Дзеля гэтага, прама скажам, і трымаю карову”.
Каб вырасціць кармы для свіней, В. І. Будзякоў саджае вялікі агарод. А апрацоўвае яго звычайным УАЗікам – обальскі Кулібін пераабсталяваў машыну пад глебаапрацоўчую тэхніку: да яе можна прычапіць плугі, бароны, культыватары.
Карміць жывёлу Валерый Іванавіч  не давярае нікому, нават жонцы, лічыць гэту справу чыста мужчынскай. Праўда, лячыць жывёлу, рабіць уколы больш спрытна атрымліваецца ўсё ж у Таццяны Дзмітрыеўны.
В. І. Будзякоў пахваліўся трыма інкубатарамі, дзе выводзяцца кураняты і гусяняты. “Птушку трымаем толькі для сябе, бо на продаж нерэнтабельна –  кармы вельмі дарагія”, – падлічыў гаспадар.
Дарэчы, Валерый Іванавіч паклапаціўся пра бяспеку сваёй жыўнасці: устанавіў на дачы некалькі відэакамер.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 9 ад 03.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *