День работы с населением прошёл в Обольском сельсовете

Актуалии Общество

“Шавелімся паціху,  значыць, жывём…”
У аўторак на тэрыторыі Обальскага сельсавета прайшоў дзень работы з насельніцтвам. Пяць груп, у якія ўвайшлі прадстаўнікі ўлады, раённых і сацыяльных службаў, пабывалі ў гэты дзень ва ўсіх вёсках сельсавета, сустрэліся з вяскоўцамі, пагаварылі пра жыццё, праблемы і радасці.
Прызнацца, пра ўсцешанае вяскоўцы гаварылі больш. Бульба выкапана, на зіму хопіць, агароды ўпарадкаваны, дровы больш-менш назапасілі. Пенсію прыносяць у пару, прадукты прывозяць рэгулярна. “А што нам, вяскоўцам, яшчэ для шчасця трэба? Ну, хіба што здароўя не стае. Нам бы такое жыццё гадоў трыццаць назад, калі былі маладыя… А так, шавелімся паціху, значыць, жывём.”
На шляху групы, у складзе якой працаваў прадстаўнік рэдакцыі, былі 6 вёсак: Пусташы, Клётчына, Ваўчкі, Шыліна, Падоры, Лявонава. У кожнай вёсцы людзі ўзнімалі свае пытанні. Жыхары Пусташаў прасілі ўкруціць на перакрыжаванні яшчэ адну лямпачку. Баліць сяльчанам і тое, што дарога да могілак ніякая. Зараз пойдуць дажджы, дык і наогул не заедзеш. А яшчэ жыхары Пусташаў (гэту ж праблему агучылі пазней і ў Клётчыне, бо могілкі ў іх адны) вельмі перажываюць за добраўпарадкаванне могілак. Летам з-за недагляду пастухоў мясцовай гаспадаркі жывёла нялітасціва нашкодзіла: дзе не было агароджы, патаптала ўсё, нават помнікі некаторыя знесла… Хто будзе выпраўляць? Між іншым, як запэўніў старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, кампенсаваць шкоду павінна гаспадарка.
У параўнанні з іншымі нешматлюднымі вёсачкамі гэтай ваколіцы Шыліна можа пахваліцца насельніцтвам: тут і пенсіянераў, і працоўнага насельніцтва хапае, і дзеці малыя ёсць. Ёсць і такія, што не сябруюць з законам, якія не-не ды і наробяць клопату суседзям. Прасілі вяскоўцы прадстаўніка міліцыі (па гэтым маршруце ў складзе групы працаваў намеснік начальніка РАУС А. М. Каралёў), каб участковы ўзяў пад кантроль двух неспакойных мужчын.
Некалькі пытанняў узнялі вяскоўцы ў Падорах. Па-першае, прасілі зрабіць падсыпку дарогі па вёсцы. Другая праблема – вызначэнне тлустасці малака: гаспадыні лічаць, што яе неапраўдана заніжаюць.
Апошняй на шляху групы была вёска Лявонава. Тут вяскоўцаў таксама непакоіць стан дарогі да могілак, толькі тых, што ў Соіне. Чулі, што палявыя работы не павінны весціся на такіх участках, тым не менш, механізатары мясцовай гаспадаркі ўсё роўна пераворваюць, у тым ліку і дарогу.
Узняла пытанне наконт рамонту дома А. І. Шэдзько. Дом не ўласны, стаіць на балансе гаспадаркі. З 1996 года сям’я там жыве, зараз выйшлі са строю столь і падлога. Жанчына пісала заяву, каб адрамантавалі дом, ёй  жа прапанавалі перайсці ў адну з пустуючых у Лявонаве кватэр. Толькі хто хоча ехаць з наседжанага гнязда, дзе і сад пасаджаны, і градкі распрацаваны. Зразумела, што ў такім выпадку і самім жыльцам трэба прыкласці намаганні. Чакаць, пакуль нехта зробіць рамонт, часта не мае сэнсу… Хаця, пытанне ўзнята, яго яшчэ раз разгледзяць адпаведныя службы і прымуць рашэнне.
Усе пытанні, якія паступілі ў гэты дзень ад жыхароў вёсак Обальскага сельсавета, будуць прааналізаваны і накіраваны для вырашэння адпаведным службам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Опубликовано в № 81 от 19.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *