В декабре шумилинцы за перерасход воды заплатили три миллиона рублей

Общество Экономика

Дарагая вада
Дырэктыва № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” актуальна для ўсіх сфер нашага жыцця. Так, згодна з Пастановай Савета Міністраў ад 28 верасня 2011 года № 1300 у нашай рэспубліцы з лістапада мінулага года ўведзена так званая дыферэнцаваная аплата за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення.
Усяго ў нашым раёне каля пяці тысяч асабістых рахункаў, падлічыла бухгалтар па квартплаце УП ЖКГ Святлана Катлова. Пераважная большасць гаспадароў устанавілі лічыльнікі на ваду. Ды і астатнія гаспадары задумаліся: з аднаго чалавека за месяц бярэцца 12,1 тысячы рублёў за карыстанне гарачай вадой, 9,9 тысячы рублёў за каналізацыю, 12,9  – за халодную ваду. У суме атрымліваецца амаль 35 тысяч рублёў на аднаго чалавека. А калі ў кватэры чацвёра жыльцоў? Дарагавата…
Устаноўкай лічыльнікаў займаюцца работнікі водаканала. Вялікай чаргі і ажыятажу, як гады тры таму, зараз няма. Дарэчы, устаноўка аднаго лічыльніка абыдзецца гаспадару ў 72 тысячы рублёў. Як нам расказалі работнікі водаканала, за паўгода любы лічыльнік апраўдае сябе.
Вядома, у выйгрышы застаўся той, хто ўстанавіў лічыльнік даўно. “Большасці сем’ям хапае тых 140 літраў, прадугледжаных на чалавека за дзень,  – расказвае Святлана Катлова. – За месяц гэта выходзіць 4,2 метра кубічнага гарачай і халоднай вады. Што тычыцца аплаты, то за метр кубічны халоднай вады бярэцца 585 рублёў плюс 305 рублёў за каналізацыю. У квартплату яшчэ налічваюцца грошы за падагрэў – 2688 рублёў за адзін кубічны метр”.
Магчыма, новая схема разлікаў не ўсім здаецца зручнай, але  яна накіравана перш за ўсё на эканомнае і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў, кажа дырэктар УП ЖКГ В. А. Коўзан.
Другая гаворка пра перарасход, пра тую ваду, якая выліваецца звыш ліміту. Калі ў сям’і ёсць маленькія дзеці, то тут складана ўпісацца ў ліміты. Ці калі ў кватэры прапісаны толькі адзін чалавек, а пражываюць чатыры. А іншыя ўвогуле вельмі любяць кожны дзень прымаць ванну. Такія аматары павінны ведаць, што за кожны метр кубічны перарасходу трэба плаціць па тарыфу – 2545,9 рубля, а гэта ў два з паловай разы больш, чым за адведзеную “нарматыўную” ваду.
“За мінулы месяц за перарасход вады на рахунак камунгасу паступіла больш за тры мільёны рублёў, – паведаміла галоўны эканаміст УП ЖКГ Алена Малашэнка. – Але ж усё роўна камунгас ад гэтага не пабагацеў, бо сабекошт аднаго кубаметра вады складае пяць тысяч рублёў – столькі траціцца на яе здабычу, падачу, ачыстку. А насельніцтва плаціць толькі каля 15% ад поўнага кошту”.
І што, ці сталі шумілінцы менш выліваць вады ў сувязі з дыферэнцыраванай аплатай за водазабеспячэнне?
“Эканомія ў пяць тысяч кубаметраў назіралася ў лістападзе, –  канстатуе А. Г. Малашэнка. – Але затое ў наступным месяцы больш выкарысталі вады. Так што ў сярэднім расход застаецца на ранейшым узроўні”.
Дарэчы, кантралёры камунгасу 2-3 разы на год правяраюць паказанні лічыльнікаў. Выяўляюць недаплаты. Так, адна з жыхарак райцэнтра недаплаціла за 470 кубаметраў вады. Пры налічэнні квартплаты ёй выстаўлены доўг больш як на мільён рублёў.
Напэўна, многіх землякоў цікавіць пытанне, як эканоміць ваду. “Перш-наперш не ліць ваду без патрэбы, адрамантаваць краны і каналізацыю, – падказвае начальнік водаканала УП ЖКГ Галіна Мароз. – Ванна, напоўненая да краёў, “забірае” амаль 200 літраў вады. А калі мыць бялізну ў машыне-аўтамаце, пойдзе каля 60 літраў вады. Некаторыя лічаць, што ставячы машыну ў рэжыме “эканом”, вады расходуецца менш. Але ў такім рэжыме эканоміцца не вада, а электраэнергія. Хаця гэта таксама плюс для гаспадара”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *