Несколько мыслей о белорусском фермерстве

Сельское хозяйство Экономика

Вучоба і абмен вопытам
Усур’ёз у Беларусь фермерства   прыйшло ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Тады многія бралі ў арэнду ў дзяржавы кавалак зямлі, ішлі ў банк за крэдытамі, набывалі тэхніку і працавалі. Яны былі фермерамі. На той час  “чын” ганаровы, хаця, калі шчыра, і тады калгасы і саўгасы скептычна, а то і пагардліва, ставіліся да “вальнадумцаў”. Чаго граха таіць, многія фермеры, пагаспадарыўшы гадкоў пяць і апустошыўшы зямлю, кінулі пачатую справу. Засталіся стойкія, тыя, хто да зямлі, як кажуць, прыкіпеў, хто адчуў смак “вольнага” хлеба.
Сёння ў раёне самая буйная сялянска-фермерская гаспадарка  “Раднік”, якой кіруе Ю. В. Сямёнаў. Аб яе поспехах і пра самога Юрыя Віктаравіча раённая газета пісала нямала. Паўтарацца не будзем, хаця кожны год тут дамагаюцца новых здабыткаў, асабліва па вырошчванні насення траў і  бульбы, таму пісаць ёсць пра што. Аднак на гэты раз вырашылі пагаварыць з Ю. В. Сямёнавым пра работу і клопаты абласной асацыяцыі фермераў, бо кіраўнік СФГ “Раднік”  тры апошнія гады з’яўляецца яе старшынёй.
Абласная асацыяцыя – арганізацыя грамадская, якая дзейнічае па  сваім статуце. Сёння ў вобласці, як паведаміў Ю. В. Сямёнаў, звыш 300 фермерскіх гаспадарак, каардынацыяй работы якіх займаецца выканаўчы дырэктар. Ёсць свой бухгалтар, вось і ўвесь штат. У Ю. В. Сямёнава бясплатны “партфель”, тым не менш   старшыня  – пасада не фармальная. Юрый Віктаравіч  – пастаянны прадстаўнік  абласной асацыяцыі на розных форумах розных узроўняў. Напрыклад, не так даўно ён (а Ю. В. Сямёнаў, акрамя ўсяго, намеснік старшыні рэспубліканскай асацыяцыі фермераў) прымаў самы чынны ўдзел у міжнародным форуме ў Санкт-Пецярбурзе, дзе падпісваў мемарандум ад беларускага боку. У форуме, акрамя беларускай дэлегацыі, прымалі ўдзел прадстаўнікі   Расійскай Федэрацыі, Казахстана і Украіны.
Так што сувязь з іншымі краінамі, вучоба за мяжой  – самыя, бадай, важныя накірункі ў рабоце асацыяцыі. Нядаўна Ю. В. Сямёнаў ездзіў на семінар па бульбаводству, які праходзіў на Брэстчыне. Прыязджалі прадстаўнікі нямецкай фірмы “Салана”. Ім цікава было ведаць, як паводзяць сябе тут, у прыватнасці, на зямлі Іванаўскага раёна гатункі бульбы, раяніраванай у Германіі. І не на  дзялянцы якой-небудзь, а на цэлай плантацыі, адведзенай пад пасадку клубняў. Семінар аказаўся надзвычай карысны.
Вядома, без распаўсюджвання свайго вопыту, без інфармацыйнай прасторы асацыяцыя  існаваць не можа. Гэта разумеюць арганізатары, таму самую пільную ўвагу  адводзяць ролі СМІ, сувязі з прэсай. У газеце  “Гостинный двор” рабоце асацыяцыі адводзяць старонку з тым, каб знаёміць з дасягненнямі фермераў, паразважаць аб іх праблемах, нагадаць пра іх у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання (а трое прадстаўнікоў з Віцебшчыны абраны ў каардынацыйна-дарадчы савет пры Міністэрстве, у тым ліку і Ю. В. Сямёнаў), на іншых узроўнях. Кажучы моваю палітыкаў, такое лабіраванне інтарэсаў фермерства прыносіць плён. Нядаўна з 28 новых  трактароў, якія паступілі для сельскай гаспадаркі вобласці, 5 прыйшлі да фермераў.
Фермерскі рух набірае моц. Даволі сказаць, што, меўшы ў агульным  аб’ёме сельгасугоддзяў па краіне 2-2,5%, фермеры вырошчваюць і пастаўляюць на рынкі Беларусі да 50% агародніны, амаль 30% бульбы. Фермерская гаспадарка рэнтабельная. Інакш не можа быць: ні адзін гаспадар не працуе сабе на страты. І гэта пры тым, што фермер закупляе мінеральныя ўгнаенні, запчасткі, прадае сваю прадукцыю па тых жа цэнах, што і сельгаспрадпрыемствы. Аднак, па ўсім відаць, больш дбае пра належную аддачу ад гектара, ад кожнай фермы, ад кожнага камбайна і трактара.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *