З пасяджэння савета грамадскага пункта правапарадку і назіральнай камісіі

Общество Президент

“Лазня”, у якую ідуць без ахвоты, але той-сёй сюды зачасціў
Якіх толькі клятваў, якіх абяцанняў не піць, не біць, не красці не пачуеш ад людзей адпаведнага “кантынгенту” на савеце грамадскага пункта правапарадку . Нават самых вытанчаных, з такой доляй пераканання, што часам і паверыш. Хаця недзе падсвядома разумееш, што цябе ў чарговы раз ашукваюць, што для іх паабяцаць – што выпіць шклянку вады. А можа, і гарэлкі, віна, самагонкі – усяго, што гарыць і ад чаго ў іх “кайф”.
Менавіта пад “кайфам”, як кажуць, цёпленькімі і прыводзілі  іх работнікі міліцыі, каб скласці пратакол. Там яны яшчэ заўзята даказвалі, што цвярозыя, што “яны ішлі і нікога не чапалі і нікому не шкодзілі”. А тут, перад членамі камісіі, пасяджэнне якой вёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, яны ся-дзелі ціхія, як мышы.  Відаць, пыху збілі і штрафы, якія наклалі ў судзе, і праборкі ў сям’і, куды прыйшлі пасля папойкі. Хаця сям’я для іх, па ўсім відаць, паняцце адноснае. Для іх важна іншае: кампанія такіх, хто з раніцы думае пра пахмелле, а не пра работу.
Перад камісіяй – не хлопчыкі, а дарослыя  людзі.  Нават пенсіянеры, што вельмі здзіўляе.  Для іх гэтая, даруйце,  лазня, гэтая праборка – лішні раз нагадаць, што яны – людзі, што ў іх павінна быць сіла волі і чалавечае аблічча. Ці даходзілі да іх гнеўныя словы,  ці дастукаліся да свядомасці “страшылкі” пра лячэбна-працоўны прафілакторый, пра турэмныя нары?..  Як вось гэтаму мужчыну, гладка паголенаму “з выпадку” (у Шуміліне ж часта бачыш яго зарослым шчаціннем і  неахайным), які зайшоў на “прыём” першым. Яму 53, нідзе не працуе.  Па яго словах, ходзіць па “шабашках”.   “Буду ка-дзіравацца”, – запэўнівае ён. Невядома, нас ці сябе? Бо  тройчы ўжо гэта рабіў. Не памагло, зрываўся.  Ці будзе эфект ад чацвёртага? Як кажуць, час пакажа, хаця, на маю думку,  чалавек, які даўно адвык ад сталай і штодзённай працы, у ЛПП адчувае сябе больш камфортна, чым на волі.  Туды ён ужо аднойчы  трапіў. “Хадзіў у аўтарытэтах”, – сцвярджае.
Перад намі   зблажэлы тварам, схуднелы мужчына.  Ён інвалід. Да нядаўняга часу меў другую групу, зараз – трэцяя. Чаму? Аказалася, у Віцебск  на ВКК спазніўся. Хаця тут тоіцца ўсё ж пэўная доля ашуканства: калі б спазніўся,  назначылі б яшчэ камісію. Тым не менш у яго пенсія стала 600 тысяч. Канапляная, бо група інваліднасці рабочая. Ён можа працаваць, а не працуе. Ды і які з яго работнік: інвалід,  патрапаны жыццём.   Краў бляшанку тушонкі – злавілі. “Што, галадаеце?” – пытаемся. “Ды не, – глядзіць ён на членаў камісіі бязвіннымі вачамі. – У мяне сястра ў Гарадоцкім раёне. Дапамагае. І харчамі, і грашыма”.
А гэты мужчына вылучаецца з “кантынгенту”: акуратна апрануты, дагледжаны.  Аднак ён мараліст, праўда, чытае мараль, калі п’яны. Тады ў яго прарываецца голас   праведніка. Ганяў жонку, дачку, якая  прыехала да яго ў госці. Абражаў, брыдкасловіў. А некалі ж быў ў пашане. Калі працаваў, калі яго здымак вісеў на раённай Дошцы гонару. Але былая слава не павінна грэць. Ён другі год на пенсіі, і статус усё-такі не дазваляе выкідваць падобныя конікі…
Калі бачу на камісіі маладых людзей, сэрца абліваецца крывёй. І бачыш, як сорамна  стаяць хлопцу (як вось гэтаму, які вінавата апусціў долу вочы і адказвае на пытанні праз слёзы) перад людзьмі, якія   ведаюць ягонага бацьку, ведаюць і  яго самога як добрага спецыяліста. А ўсё псуе “зялёны змей”. Другі малады чалавек, які трапіў на камісію, хворы. І без работы. Працаваў, але  закончыўся тэрмін дагавора, яго не прадоўжылі. Чаму? Не ведае. Трэці вярнуўся з месцаў не такіх далёкіх. Хацеў засяліцца ў в. Добрына, дзе пакінуў пакой пасля рашэння суда, але той пакой даўно занялі, адвялі яму іншы. Але там ні газавай пліты, ні ложка – адны сцены. З чаго пачаць новае жыццё? Малады мужчына хоча ўладкавацца зваршчыкам. І калі не будзе працаваць спусціўшы рукавы,   з’явіцца магчымасць купіць і пліту, і шпалеры, і добры ложак, і халадзільнік. Праўда, і ў Лаўжанскім сельсавеце павінны дапамагчы  на першых парах стаць мужчыну на ногі.
І нарэшце, мужчына, для якога “лазня”, відаць, за пацеху, бо ён сюды зачасціў. На пасяджэннях савета бачу, можа, у дзясяты раз.  І ва ўсіх выпадках “вінавата” жонка. Аказваецца, ён любіць “закінуць за гальштук”, затым прыходзіць дамоў, а жонка не пераносіць перагару і  “водару”.  І яе можна зразумець. У адным  не магу дайсці да розуму: навошта смяшыць народ?..
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *