Выездное заседание КДН в Никитихе: што толкает детей на «подвиги»

Образование Общество

Хібам нашым ёсць апраўданне, подласці ж апраўдання няма…
Сур’ёзная нагода правесці адкрытае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх наспела менавіта ў Мікіціхінскай школе. Калі дакладней, то “героем дня” стаў восьмы клас: адразу чацвёра яго вучняў разглядаліся на пасяджэнні, якое прайшло на мінулым тыдні.
Адзін з іх паціху губіць сваё жыццё выпіўкай. У гэты раз “пад мухай” ён прыйшоў ні куды-небудзь, а на факультатыў па інфарматыцы. Ну, сапраўды, не прапускаць жа?!.  Яму настойліва параілі пракансультавацца ў раённага нарколага, а маці хлопца прад’явілі штраф у 10 базавых за невыкананне абавязкаў па выхаванні свайго чада.
Яшчэ трое васьмікласнікаў праходзілі па адной і той жа гісторыі. Яны, згуртаваўшыся, сістэматычна і настойліва зневажалі аднаго з вучняў, пры-ніжалі яго чалавечую вартасць, абражалі, здзекавалася фізічна. Пералічваць іх “подзвігі” зусім не хочацца, хочацца ўсвядоміць, зразумець: адкуль у душах звычайных вясковых падлеткаў столькі жорсткасці і бесчалавечнасці?
Выразна сфармуляваць сваю пазіцыю яны не змаглі, ды і ніхто не змог бы абгрунтаваць ці неяк апраўдаць подласць, нізасць, нікчэмнасць. Уразіла нават не гэта. Дзеці ў падлеткавым перыядзе маюць вострую патрэбу праявіцца, абазначыць сябе ў грамадстве, выплюхнуць лішак энергіі ў прастору. А калі бацькі ў свой час не прачыталі ім тую самую неабходную казку; не патлумачылі, што добра, што дрэнна, а што наогул брыдка і не вартае чалавека; не навучылі любіць; не сфарміравалі неабходнасць у пазнанні, цікаўнасць, то чакаць ад такога падлетка нейкіх іншых паводзін было б па меншай меры наіўна. Ён не будзе чытаць, пісаць вершы, спяваць, не ўступіць у фан-клуб, не прымкне да моднай субкультуры. Ён пойдзе зневажаць слабейшага, такім чынам узнімаючыся над рэальнасцю. Бо па-іншаму проста не ўмее, не ведае як.
Дык вось што здзівіла і ўразіла: усе без выключэння маці занялі адасобленую пазіцыю, зручную ў такой сітуацыі. Склалася ўражанне, што іх дзеці самі па сабе такія выраслі, быццам, нехта іншы іх выхоўваў, выконваў у адносінах да іх свае бацькоўскія абавязкі. Быццам тыя плады, якія сёння прыходзіцца збіраць, не вынік менавіта іх бацькоўскага выхавання. Мамы ўзрушыліся толькі тады, калі гаворка зайшла пра мільён штрафу. Адна нават заявіла, што грошы плаціць не будзе, а сына – вось, выхоўвайце, калі хочаце, ці ў прытулак забірайце. Як жа так: правапарушэнне зрабіў сын, а грошы плаціць цяпер ёй прыйдзецца – гэта ж несправядліва. Жанчыны ніяк не маглі ўлавіць сувязі, асэнсаваць маштабы свайго “злачынства” ў адносінах да ўласных дзяцей, сваёй адказнасці за іх. Яны ўсё аплаквалі і аплаквалі той мільён. А што такое мільён у параўнанні з фактам, што твой уласны сын расце нягоднікам?
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №100 ад 18.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *