Золотой юбилей семьи Шниповых

Людзі і лёсы

“Без павагі сямейнага гнязда не пабудуеш”
Пяцьдзесят гадоў таму ў Лаўжанскі сельскі Савет прыйшла маладая пара. Заяву на рэгістрацыю шлюбу загадзя не падавалі, але завіталі ў дзяржаўную ўстанову, каб пацвердзіць свае самыя сур’ёзныя намеры адзін да аднаго і даць клятву вернасці і кахання. Было тады маладым усяго па дзевятнаццаць гадоў. Іх распісалі, на наступны дзень у бацькоўскай хаце за святочным сталом сабраліся родзічы і сябры.
Пра гэта вяселле нам расказалі залатыя юбіляры з вёскі Залужжа – Ганна Ігнатаўна і Фірс Карнеевіч Шніпавы.
“У 60-я гады не ўсе маглі справіць пышнае вяселле, –  успамінае Ганна Ігнатаўна. – У мяне не  было доўгага вэлюму і беласнежнай сукенкі. У сельсавет пайшла ў звычайнай паркалёвай сукенцы ў кветачкі. Але ж не гэта галоўнае, сэрца перапаўнялася шчасцем ад кахання”.
“А я Ганну адразу ўпадабаў, – прызнаецца Фірс Карнеевіч. – вельмі ж сонечна на яе твары свяціліся вяснушкі. І сама яна была такая поўненькая, прыгожанькая. Прызнацца, ніколі не падабаліся худыя дзяўчаты”.
Здаецца, нядаўна гулялі вяселле. Але гады праляцелі непрыкметна. І зараз залатыя юбіляры адчуваюць сябе нібыта ў іншым вымярэнні. Раней імі кіравалі малады імпэт, спрыт і энергія. Зараз на ўзбраенні жыццёвы вопыт, разважлівасць і мудрасць. Шніпавым хапіла жыццёвай мудрасці, каб не развітацца на раздарожжы, каб адчуць сябе дзвюма палавінкамі адзінага цэлага, якое называецца сям’ёй.
“Галоўнае, што захавалі на працягу ўсяго сумеснага жыцця павагу адзін да аднаго, – робіць сваю выснову Фірс Карнеевіч. – Без павагі сямейнага гнязда не пабудуеш”.
На пачатку сямейнага жыцця Шніпавы жылі з бацькамі, потым купілі ў Залужжы дом, пабудавалі лазню, гаспадарчыя пабудовы, завялі немалую гаспадарку…  Фірсу Карнеевічу вельмі даспадобы была жончына гаспадарлівасць. Бывала, вяртаецца вечарам дадому, а жонка хлеба ці булак напячэ. На кляновых лістах ці аеры, як вучыла маці. Смачна, па-дамашняму. І хата пахне булкамі, і гаспадыня.
Галоўная гордасць Шніпавых – трое дзяцей. Дачка Антаніна жыве ў Докшыцах, сын Аляксандр у Добрыне, Сяргей у Залужжы разам з бацькамі. Ёсць у Шніпавых пяцёра ўнукаў. Прыязджаюць, дапамагаюць на агародзе. Без працы на зямлі, без садоў не ўяўляюць Шніпавы свайго існавання. Прывыклі працаваць усё жыццё: Фірс Карнеевіч каля сарака гадоў рупіўся ў калгасе механізатарам, а Ганна Ігнатаўна столькі ж даяркай.
Сённяшняе жыццё Шніпавых таксама ў працы – на падворку, агародзе, у гаспадарчай пабудове, дзе трымаюць свіней і курэй. У выхадныя ці святы яны чакаюць дзяцей і ўнукаў. Ганна Ігнатаўна з такога выпадку расчыняе бліны, робіць клёцкі і яшчэ якія прысмакі. Ламіўся ад іх стол і на залатым вяселлі, на якое прыехалі дзеці, завіталі суседзі. Віншавалі маладажонаў па тэлеканале “Скіф” – заказалі любімую песню “Беласнежная вішня”. Родныя і сябры сказалі ім многа цёплых слоў. Мы далучаемся да іх і жадаем юбілярам пражыць яшчэ разам многа шчаслівых гадоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Опубликовано в №82 от 22.10.2010



1 комментарий по теме “Золотой юбилей семьи Шниповых

  1. Ларыса, здравствуйте. Я собираю родословную Шниповых,поиски привели меня в Шумилино и Сиротино, а здесь наткнулась на вашу статью. Вот что я знаю.
    Был прапрадед Шнипов у него было четыре сына .Одного звали Сусой(отчество не знаем)его жена (имени не знаем)Варфаломеевна у них было четыре сына: Иван,Алексей,Тимофей,Сидор (1896г.рож).Интересно может юбиляры знают о наших Шниповых.Зарание Вам благодарна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *