Где купить овощи в Шумилино? Почему-то про «овощной» магазин вспоминаешь в последнюю очередь

Общество Экономика

Разважанні вакол прычынна-выніковых сувязяў і гародніны
Разбірацца ў прычынна-выніковых сувязях той ці іншай з’явы – справа філасофская, але малаэфектыўная. Ну, вось, да прыкладу, усім вядомая крама “Садавіна-гародніна” не пакідае ўражання паспяховага гандлёвага аб’екта. Што гэта: прычына або следства таго, што пакупнікі абдзяляюць сваёй увагай гэту гандлёвую кропку ў цэнтры горада? Можа, як паваліў бы сюды народ за таварам, дык і магазін бы “ўзбіўся” на новае, эканамічна стабільнае жыццё? Але ж не, капрызныя мы, пакупнікі, спешчаныя супер- і гіпермаркетамі. Хочам, каб і асартымент у магазіне быў багатым, і інтэр’ер – сучасным, і цэны – нізкімі. Калі – не, то прабачце, але пашукаем іншых.
Канешне, магазін, пра які ідзе гаворка, – спецыфічны, нацэлены на гандаль строга вызначаным таварам, пра што заяўлена на шыльдзе буйнымі літарамі. Таму, калі ні садавіна, ні гародніна нам не патрэбны, то і заходзіць у гэту краму мы не будзем. Тут, канешне, спрабуюць гандляваць спадарожнымі таварамі, але, як прызнаецца загадчыца магазіна Н. І. Данілава, “ідзе” толькі спіртное.
У той жа час з добрай доляй упэўненасці можна меркаваць, што наўрад ці знойдзецца сям’я, здатная абыходзіцца ў паўсядзённым харчаванні без гародніны. Асабіста не ўяўляю, скажам, як можна прыгатаваць дастойную вячэру без цыбулі і морквы. І гэта яшчэ, калі не ўспамінаць пра бульбу. Тую ж цыбулю, прызнаюся, мы закупілі ў СШ №2, і не таму, што там яна лепшая ці таннейшая, а толькі таму, што і ў галаву не прыйшло пацікавіцца яе наяўнасцю ў магазіне. І так заўжды, калі прыкідваеш, дзе і што купіць, магазін “Садавіна-гародніна” проста “выпадае”, пра яго неяк забываешся. Хаця, трэба прызнаць, што цэны тут бываюць куды больш лагоднымі, чым, скажам, на базары. Успамінаю, летам, убачыўшы, як з магазіна выходзіць жанчына з клубніцамі, таксама зайшла туды і з задавальненнем купіла ягады, якія былі ў два разы таннейшыя, чым у камерсантаў.
Гэта пра што – пра аўтарытэт, якога няма. А мяркуючы па тым, як часта тут мяняюцца прадаўцы, можна меркаваць, што няма аўтарытэту ў магазіна і ў асяродку гандляроў. Наталля Іванаўна прызналася, што ахвотных працаваць у гэтай краме няма. Адно што зарплата – слёзы, дык яшчэ і з прадуктамі справу прыходзіцца мець ненадзейнымі, здатнымі гніць і ўсыхаць. Адно гора. І за загадчыцу, і за прадаўца ў магазіне адзін чалавек, таму не рэдкасць – замок на дзвярах: то выхадны, то захварэў чалавек, а то і яшчэ што.
Тавараабарот у магазіне 30 мільёнаў за месяц. Не трэба быць карыфеем у эканоміцы, каб зразумець, што гэта мала, што гэтыя плошчы ў такім “казырным” месцы можна было б выкарыстоўваць з куды больш высокай аддачай. Хаця, канешне, разважаць заўжды проста. Але, калі ўсё ж узяць на сябе такую смеласць, то найперш магазіну патрэбны добры рамонт, і не толькі гандлёвай залы, але і склада, які знаходзіцца ў такім стане, што гаварыць пра якаснае захаванне там гародніны не прыходзіцца (бульбе не дужа падабаецца, калі са столі капае). Магчыма, гэта і не па кішэні райспажыўтаварыству, але жыццё настойліва даказвае, што інакш на бойкі гандаль можна забыцца, далей будзе толькі горш. Хочацца, каб магазін працаваў без перапынку і без выхадных, не быў зачынены ў рабочы час. Варта ўвязацца і ў рэкламу, але гэта, вядома, калі будзе што рэкламаваць. А мо і наогул хапіла б нам стэлажу з садавіной-гароднінай  ва ўніверсаме “Цэнтральны”, не ведаю.
Што тычыцца асартыменту, то сёння ёсць у магазіне і экзатычныя фрукты: дыні, гарбузы, вінаград, нектарыны, ківі і многае іншае. Ёсць і прывычныя бульба, морква, буракі, цыбуля, капуста. Праўда, усё, акрамя бульбы, прывезена з Брэста.
З зерневых прадстаўлены толькі ячмень, хаця пытаюцца пакупнікі і пра жыта, і авёс, і пшаніцу. Хутка абяцаюць завезці журавіны, брусніцы, ёсць шумілінскія яблыкі. У сезон будуць мочаныя яблыкі і гуркі, будзе і квашаная капуста.
Пакупнікі, што наведалі краму за той час, пакуль я гутарыла з прадаўцом, –пастаянныя, якія і пагутарыць любяць у краме, і праблемамі падзяліцца. Усе адзначылі, што Наталля Іванаўна – прадавец добры, ветлівы, абыходлівы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *